Панядзелак — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 2, 1–8
Каб за ўсіх людзей узносіліся малітвы да Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.
Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, абвешчанае ў адпаведную пару, дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам (кажу праўду і не хлушу), настаўнікам для язычнікаў у веры і праўдзе.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 28 (27), 2. 7. 8–9 (Р.: пар. 6)
Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, бо пачуў маю малітву.
2. Пачуй голас маёй малітвы,
калі ўсклікаю да Цябе,
калі ўздымаю свае рукі
да Тваёй святой святыні.
Рэфрэн:
7. Пан — мая сіла і мая абарона,
Яму давярае маё сэрца, і Ён дапамог мне.
Таму ўзрадавалася маё сэрца,
і я праслаўлю Яго сваёй песняй.
Рэфрэн:
8. Пан — гэта магутнасць Ягонага народа
і збаўчая цвярдыня для свайго памазанніка.
9. Збаў свой народ і благаславі сваю спадчыну,
будзь для іх Пастырам і ўзнімай іх заўсёды.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 3, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага,
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 1–10
Нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу.
Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні