Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

ХХIV Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 27, 30 — 28, 7
Даруй несправядлівасць бліжняму свайму, і тады, калі будзеш маліцца, твае грахі дараваны будуць

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха

Гнеў і злосць — агідныя рэчы,
і чалавек грэшны будзе падуладны ім.
Той, хто помсціць, зведае помсту ад Бога,
які дакладна запомніць грахі ягоныя.
Даруй несправядлівасць бліжняму свайму,
і тады, калі будзеш маліцца, твае грахі дараваны будуць.
Калі чалавек трывае ў гневе на чалавека,
то ці можа ён шукаць аздараўлення ад Пана?
Калі да такога ж чалавека, як і сам, не мае міласэрнасці,
то ці можа ён маліцца аб прабачэнні грахоў сваіх?
Калі сам ён, будучы цялесным стварэннем, трывае ў гневе,
то хто ж злітуецца над грахамі ягонымі?
Памятай пра апошнія рэчы і перастань ненавідзець,
памятай пра тленне і смерць і захоўвай запаведзі Пана.
Памятай пра запаведзі і не гневайся на бліжняга.
Памятай пра запавет Найвышэйшага і не зважай на правіны бліжняга.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 9–10. 11–12 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

9. Не злуецца вечна *
і не палае гневам навекі.
10. Не паступае з намі паводле грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфрэн:

11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.
12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 14, 7–9
Ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе; бо калі мы жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану. Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над мёртвымі, і над жывымі.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Ян 13, 34

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, —
каб вы любілі адзін аднаго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 21–35
Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.