Аўторак — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 2, 6–15
Пан ажывіў вас разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім, укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю, як навучылі вас, перапаўняючыся ўдзячнасцю. Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыцыі, паводле прынцыпаў свету, а не паводле Хрыста. Таму што ў Ім цялесна жыве ўся паўната Боскасці, і вы атрымалі паўнату ў Ім, які ёсць галавою ўсялякага Панавання і Улады. У Ім вы таксама абрэзаныя нерукатворным абразаннем, калі абразанне Хрыстова зняло з вас грахоўнасць цела.

Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы ўваскрэслі таксама ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых.

І вас, мёртвых праз грахі і неабразанне цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе грахі. Ён сцёр запіс нашых даўгоў адносна пастановаў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 145 (144), 1–2. 8–9. 10–11 (Р.: 9а)

Рэфрэн:  Пан добры да ўсіх.

1. Буду ўзвялічваць Цябе, Бог і Валадар мой, *
і благаслаўляць імя Тваё навекі.
2. Кожны дзень благаслаўляць Цябе буду *
і ўсхваляць імя Тваё на векі вечныя.

Рэфрэн:

8. Пан міласэрны і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.

Рэфрэн:

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  пар. Ян 15, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не вы мяне выбралі, але Я выбраў вас,
каб ішлі вы і прыносілі плён,
і каб плён ваш трываў, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 12–19
Правёў ноч у малітве. І выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У тыя дні:

Езус узышоў на гару памаліцца і правёў ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.

Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона.

Яны прыходзілі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што ад Яго сыходзіла сіла і вылечвала ўсіх.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць