Панядзелак — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 24 — 2, 3
Я стаў слугою Касцёла, каб выканаць схаваную ад вякоў таямніцу
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Цяпер я радуюся за вас ў цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае Цела, якім ёсць Касцёл, слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб выканаць слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым. Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы таямніцы гэтай, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы. Яго мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце. Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся моцаю таго, хто дзейнічае ўва мне.
Бо я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, хто ў Лаадыкеі, а таксама за ўсіх тых, хто не бачыў мяне асабіста. Няхай будуць заахвочаны сэрцы іхнія і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога, Хрыста, у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 62 (61), 6–7. 9 (Р.: 8а)
Рэфрэн: У Богу маё збаўленне і мая слава.
6. Толькі ў Богу шукай спакою, душа мая, *
бо на Яго ўся мая надзея.
7. Толькі Ён — мая скала і маё збаўленне, *
Ён — мая цвярдыня, я не пахіснуся.
Рэфрэн:
9. Народзе, на Яго спадзявайся *
ў кожную хвіліну.
Вылівайце перад Ім вашыя сэрцы, *
Бог — нашае прыстанішча.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 6–11
Сачылі, ці не будзе аздараўляць у шабат
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Аднойчы ў шабат Езус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў паралізаваную правую руку. А фарысеі і кніжнікі сачылі, ці не будзе Езус аздараўляць ў шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго.
Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, у якога была паралізавана рука: Падыміся і стань пасярэдзіне. Той падняўся і стаў.
Тады Езус сказаў ім: Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць душу ці загубіць?
І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму: Працягні руку сваю. Той зрабіў гэта, і выздаравела рука ягоная.
А яны ж напоўніліся лютасцю і абмяркоўвалі паміж сабою, што б зрабіць з Езусам.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні, Панарама