8 верасня — свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 5, 1–4а
Пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць
Чытанне кнігі прарока Міхея.
Так кажа Пан:
А ты, Бэтлеем-Эфрата,
найменшы ты сярод плямёнаў Юды.
З цябе выйдзе для Мяне той,
хто будзе Валадаром у Ізраэлі,
і паходжанне Яго спрадвеку,
ад вечных дзён.
Таму Пан пакіне іх да часу,
пакуль не народзіць тая,
якая павінна нарадзіць.
Тады рэшта братоў Ягоных
вернецца да сыноў Ізраэля.
І ўстане, і будзе пасвіць іх моцаю Пана,
у велічы імені Пана Бога свайго.
І яны будуць жыць бяспечна, бо тады Ён
будзе ўзвялічаны аж да межаў зямлі.
І будзе Ён спакоем.
Гэта слова Божае.
Або:
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 28–30
Каго Бог пазнаў, таго і прадвызначыў
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Мы ведаем таксама, што тым, хто любіць Бога — пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае дзеля дабра іхняга. Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прадвызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі; а каго прадвызначыў, таго і паклікаў, каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў. Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 13 (12), 6 (Р.: Іс 61, 10a)
Рэфрэн: Узвесяліцца душа мая ў Богу.
6. Я спадзяюся на Тваю міласэрнасць; *
узрадуецца маё сэрца Твайму збаўленню.
Я заспяваю Пану, *
бо Ён ашчаслівіў мяне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 4, 19
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівая Ты, Панна Марыя, і годная ўсялякай хвалы;
бо з Цябе ўзышло Сонца праўды, Хрыстус, наш Бог.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 1, 18–23
Зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні