Серада — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 2, 9–13
Працуючы ўначы і ўдзень, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.
Памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае. Вы сведкі і Бог, як свята, справядліва і беззаганна мы паводзілі сябе ў дачыненні да вас, веруючых. Напэўна ведаеце, што кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, мы заахвочвалі і падбадзёрвалі, пераконваючы паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго Валадарства і славы.
Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 139 (138), 7–8. 9–10. 11–12аb (Р.: 1)
Рэфрэн: Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў.
7. Куды пайду ад Духа Твайго *
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
8. Калі ўзыду на неба, Ты там; *
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Рэфрэн:
9. Калі вазьму крылы зараніцы *
і перасялюся на ўскраіну мора,
10. нават там рука Твая мяне павядзе, *
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Рэфрэн:
11. Калі скажу я: Няхай змрок мяне накрые, *
а святло навокал няхай зробіцца ноччу, —
12. нават змрок не будзе цёмным для Цябе, *
а ноч будзе яснай, як дзень.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Ян 2, 5
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Хто захоўвае слова Хрыста,
у тым сапраўды любоў Божая дасканалая.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 23, 27–32
Вы сыны тых, хто забіваў прарокаў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў, кажучы: Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, бо вы падобныя да пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прагожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці. Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што ўзносіце магілы прарокам і ўпрыгожваеце грабніцы праведнікаў, кажучы: Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў. Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў. І вы дапоўніце меру сваіх айцоў.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні