ХХІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 22, 19–23
Ускладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан Шэбну, кіраўніку палаца:

Я сапхну цябе з месца твайго і скіну цябе з пасады тваёй. І станецца ў той дзень, што Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хелкія. Апрану яго ў хітон твой, і падперажу яго пасам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і стане ён айцом для жыхароў Ерузалема і для дому Юды. І ўскладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя. І калі ён адчыніць, ніхто не зачыніць, і калі зачыніць, ніхто не адчыніць. І ўваб’ю яго, як кол на цвёрдым месцы, і ён стане тронам славы для дому айца свайго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 6 і 8bc (Р.: 8b)

Рэфрэн: Міласэрнасць Твая, Пане, навекі.

1. Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, *
бо пачуў Ты словы вуснаў маіх.
Перад Анёламі спяваю Табе, *
2. кланяюся перад святой Тваёй святыняй.

Рэфрэн:

Слаўлю імя Тваё *
за міласэрнасць Тваю і вернасць.
3. У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, *
павялічыў моц маёй душы.

Рэфрэн:

6. Узнёслы Пан бачыць пакорнага, *
а ганарыстага пазнае здалёку.
8. Міласэрнасць Твая, Пане, навекі, *
справы рук Тваіх не пакідай.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 11, 33–36
З Яго і праз Яго, і для Яго ўсё

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату? Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 16, 18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ты — Пётр (скала) і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой,
і брамы пякельныя не перамогуць яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 16, 13–20
Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць