Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дваццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Суд 9, 6–15
Вы сказалі: Няхай кароль пануе над намі, — хоць Пан быў каралём вашым (1Сам 12, 12)

Чытанне кнігі Суддзяў.

У той час:

Сабраліся ўсе мужы сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі да дуба, які стаяў у Сіхеме, і ўстанавілі Абімэлеха каралём.

Калі пра гэта паведамілі Ёатаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім. Узняўшы свой голас, ён закрычаў: Паслухайце мяне, мужы сіхемскія, і няхай паслухае вас Бог! Сабраліся неяк дрэвы, каб намасціць сабе караля, і сказалі аліўцы: Пануй над намі. Яна адказала: Хіба магу я пакінуць тлушч свой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, каб пайсці хістацца па-над дрэвамі.

Тады дрэвы звярнуліся да смакоўніцы: Ідзі і пануй над намі. Яна адказала ім: Хіба магу я пакінуць слодыч сваю і найлепшыя плады свае, каб пайсці хістацца па-над іншымі дрэвамі?

Дрэвы прамовілі таксама да вінаграднай лазы: Ідзі і пануй над намі. Яна адказала: Хіба магу я пакінуць віно сваё, якое весяліць багоў і людзей, каб пайсці хістацца па-над іншымі дрэвамі?

Нарэшце ўсе дрэвы сказалі цёрну: Ідзі і пануй над намі. І адказаў цёрн: Калі сапраўды хочаце прызначыць мяне каралём, хадзіце і спачніце ў цені маім. Калі ж не, то няхай агонь выйдзе з церняў і паглыне ліванскія кедры.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 21 (20), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль.

2. Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль, *
і вельмі радуецца Тваёй дапамозе.
3. Ты выканаў жаданне ягонага сэрца, *
і просьбы вуснаў яго не адкінуў.

Рэфрэн:

4. Бо Ты сустрэў яго жаданымі благаслаўленнямі, *
на яго галаву ўсклаў вянок з чыстага золата.
5. Ён прасіў у Цябе жыцця, *
і Ты даў яму даўгалецце на вечныя вякі.

Рэфрэн:

6. Вялікая слава яго пры Тваёй дапамозе, *
Ты ўсклаў на яго веліч і гонар.
7. Благаслаўленне даў яму навекі, *
усцешыў яго радасцю перад Тваім абліччам.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Гбр 4, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 20, 1–16а
Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

 

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Серада

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"