Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

ХІХ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 19, 9а. 11–13а
Стань на гары перад абліччам Пана

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Калі Ілля прыйшоў да Божай гары Горэб, ён увайшоў у пячору. І скіраваў Пан да яго слова, кажучы: Выйдзі і стань на гары перад абліччам Пана, і вось пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру.

Пачуўшы гэта, Ілля прыкрыў твар свой плашчом, выйшаў з пячоры і стаў пры ўваходзе да яе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14 (Р.: 8)

Рэфрэн: Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.

9. Паслухаю, што гаворыць Пан Бог. *
Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім.
10. Сапраўды, Яго збаўленне блізкае †
для тых, хто баіцца Яго, *
і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.

Рэфрэн:

11. Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам, *
справядлівасць і спакой пацалуюцца.
12. Вернасць вырасце з зямлі, *
а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.

Рэфрэн:

13. Пан адорыць нас шчасцем, *
а зямля наша дасць свой плён.
14. Справядлівасць пойдзе перад Ім *
і паставіць на шлях крокі свае.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 9, 1–5
Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Я кажу праўду ў Хрысце, не ілгу, і пацвярджае сумленне маё ў Духу Святым, што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе сэрца маё. Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх, родных мне паводле цела, ізраільцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні. Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі, амэн.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Пс 130 (129), 5

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Спадзяюся на Пана,
давяраю Яго слову.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД А Мц 14, 22–33
Загадай мне ісці да Цябе па вадзе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч