Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

6 жніўня — свята Перамянення Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 9–10. 13–14
Адзенне Ягонае было белае, як снег

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненная рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 97 (96), 1–2. 5–6. 9 (Р.: 1а і 9а)

Рэфрэн: Пан найвышэйшы валадарыць на ўсёй зямлі.

1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Воблака і цемра вакол Яго, *
справядлівасць і права — аснова Ягонага трону.

Рэфрэн:

5. Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Рэфрэн:

9. Бо Ты, Пане, найвышэйшы *
на ўсёй зямлі,
вельмі ўзвялічаны *
над усімі багамі.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 П 1, 16–19
Мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба

Чытанне Другога паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы. Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: Гэта Мой Сын умілаваны, якога ўпадабаў Я. І мы самі чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары.

Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 17, 5с

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.
Яго слухайце.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД А Мц 17, 1–9
Аблічча Ягонае заззяла, як сонца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.

Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч