Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 25, 1. 8–17
У гэты год юбілею кожны з вас вернецца ва ўладанне сваё

Чытанне кнігі Левія.

Пан прамовіў да Майсея на гары Сінай, кажучы: Адлічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, і дні сямі гадоў суботніх складуць сорак дзевяць гадоў. Пасля затрубі ў трубу на дзесяты дзень сёмага месяцу. У дзень Ачышчэння будзеце трубіць ў трубу па ўсёй зямлі вашай. Асвяціце пяцідзесяты год і абвясціце вызваленне ўсім жыхарам на зямлі: гэта будзе для вас юбілей. Няхай кожны вернецца ва ўладанне сваё, і кожны — ў сваю сям’ю. Пяцідзесяты год будзе для вас юбілеем. Не будзеце сеяць і жаць таго, што само вырасце на полі, а таксама не будзеце збіраць вінаграду з неабрэзанай лазы, бо гэта юбілей. Ён будзе для вас святы. Вы можаце есці плады сабраныя непасрэдна на полі. У гэты год юбілею кожны з вас вернецца ва ўладанне сваё.

Калі будзеце прадаваць нешта бліжняму свайму ці купляць ў яго, няхай не крыўдзіць бліжняга свайго ніхто з вас. Паводле колькасці гадоў пасля юбілею будзеш купляць ў яго, і паводле падліку гадоў ён будзе прадваць табе плён. Чым больш гадоў пройдзе пасля юбілею, тым больш вырасце цана; чым менш гадоў, тым менш будзе каштаваць пакупка, бо ён прадае табе пэўную колькасць ураджаяў. Не ўціскайце супляменнікаў вашых, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Пан Бог ваш.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 67 (66), 2–3. 5. 7–8 (Р.: 4)

Рэфрэн: Няхай усе народы славяць Цябе, Божа.

2. Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *
няхай заззяе аблічча Яго над намі,
3. каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *
між усімі народамі Яго збаўленне.

Рэфрэн:

5. Няхай весяляцца *
і радуюцца ўсе плямёны,
бо Ты судзіш народы паводле праўды *
і плямёнамі на зямлі кіруеш.

Рэфрэн:

7. Зямля прынесла свой плён; *
Няхай Бог, наш Бог нас благаслаўляе.
8. Няхай Бог нас благаслаўляе, *
няхай баяцца Яго ўсе межы зямлі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 5, 10

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 14, 1–12
Ірад паслаў адсячы галаву Яну

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса і сказаў слугам сваім: Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і пагэтаму цуды здзяйсняюцца ім.

Ірад жа схапіў Яна, зняволіў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі ягонага брата Філіпа. Бо Ян казаў яму: Не дазволена табе мець яе. І хацеў забіць яго, але баяўся народа, які лічыў яго прарокам.

Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі і спадабалася Іраду. Таму ён клятваю паабяцаў даць ёй усё, чаго толькі папросіць. І яна, падвучаная сваёю маці, сказала: Дай мне галаву Яна Хрысціцеля на місе. Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў з ім за сталом, загадаў даць. І паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці.

Тады ягоныя вучні прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Субота

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"