1 жніўня — успамін св. Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і доктара Касцёла
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 1–4
Закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе, бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці.
Закон, аслаблены целам, быў бяссільны. Таму Бог, паслаўшы Сына свайго ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе, каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа паступаюць.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 9. 10. 11. 12. 13. 14 (Р.: 12b)
Рэфрэн: Навучы мяне Пане, Тваім пастановам.
9. Як юнак захавае беззаганным свой шлях? — *
Захоўваючы Твае словы.
10. Усім сваім сэрцам я Цябе шукаю, *
не дай мне адхіліцца ад Тваіх запаведзяў.
Рэфрэн:
11. У сэрцы маім я схаваў Тваё слова, *
каб не зграшыць перад Табою.
12. Благаслаўлёны Ты, Пане, *
навучы мяне Тваім пастановам.
Рэфрэн:
13. Я пералічваю сваімі вуснамі *
ўсе прысуды Тваіх вуснаў.
14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі,
каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 13–19
Вы — святло свету
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з Закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Аўторак