Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — шаснаццаты звычайны тыдзень. Год I

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 20, 1–17
Закон быў дадзены праз Майсея (Ян 1, 17)

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Сказаў Бог усе гэтыя словы:

Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.

Не май іншых багоў, апроч Мяне.

Не рабі сабе ніякай выявы ідала і падабенства таго, што ўверсе на небе, што ўнізе на зямлі і што ў водах пад зямлёю.

Не пакланяйся ім і не ўшаноўвай іх. Бо Я Пан Бог твой, Бог зайздросны, які карае дзяцей за беззаконне бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто ненавідзіць Мяне. Але Я выяўляю міласэрнасць да тысяч пакаленняў тых, хто любіць Мяне і захоўвае запаведзі Мае.

Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.

Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго.

Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.

Не забівай.

Не чужалож.

Не крадзі.

Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.

Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага – нічога, што належыць яму.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11 (Р.: Ян 6, 68с)

Рэфрэн: Пане, Ты маеш словы вечнага жыцця.

8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.

Рэфрэн:

9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.

Рэфрэн:

10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.

Рэфрэн:

11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  пар. Лк 8, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, хто ў добрым і чыстым сэрцы
захоўвае Божае слова і прыносіць плён у цярплівасці.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 18–23
Хто чуе слова і разумее, і хто прыносіць плён

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе.

Пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі з-за слова пачынаецца ўціск ці пераслед, ён адразу ж адступаецца.

Пасеянае ў цернях — гэта той, хто чуе слова, але клопаты гэтага веку і зманлівасць багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.

Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"