Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — шаснаццаты звычайны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 14, 5–18
Даведаюцца, што Я — Пан, калі пакажу славу Маю на фараоне

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Абвешчана было каралю егіпецкаму, што народ уцёк. І адвярнулася сэрца фараона і слугаў ягоных ад гэтага народа, і сказалі яны: Што гэта мы зрабілі? Навошта мы адпусцілі ізраэльцянаў, каб яны не працавалі на нас? Фараон запрог сваю калясніцу і забраў з сабою свой народ. Узяў шэсцьсот лепшых калясніц, і ўсе егіпецкія калясніцы, і правадыроў над усімі імі.

Пан учыніў жорсткім сэрца фараона, караля егіпецкага, і ён пагнаўся за сынамі Ізраэля. Сыны ж Ізраэля выходзілі з узнятаю рукою. І пагналіся за імі егіпцяне (усе коні, калясніцы фараона, і вершнікі, і ўсё войска ягонае) і дагналі іх каля Пі-Хахірота, перад Баал-Цэфонам, калі яны разбілі лагер каля мора.

Фараон наблізіўся, а сыны Ізраэля, узняўшы вочы свае, убачылі, што егіпцяне ідуць за імі. Сыны Ізраэля вельмі спалохаліся і ўсклікнулі да Пана. Яны сказалі Майсею: Ці ж няма грабніц у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? Што гэта ты зрабіў нам, што вывеў нас з Егіпта? Ці ж не тое самае гаварылі мы табе ў Егіпце, кажучы: Пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на егіпцянаў, бо лепш нам быць у няволі ў егіпцянаў, чым памерці ў пустыні. Але Майсей сказаў народу: Не бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаванне ад Пана, якое ўчыніць вам сёння, бо егіпцянаў, якіх вы бачыце сёння, больш не ўбачыце ніколі. Пан будзе змагацца за вас, а вы будзьце спакойныя.

Сказаў Пан Майсею: Чаму ты ўсклікаеш да Мяне? Скажы сынам Ізраэля, няхай выходзяць. А ты падымі кій свой і працягні руку сваю да мора і падзялі яго, і пойдуць сыны Ізраэля сярод мора па сушы. Я ж зраблю жорсткім сэрца егіпцян, каб пайшлі яны ўслед за імі. І пакажу славу Маю на фараоне і ўсім войску ягоным, на калясніцах і вершніках ягоных. І даведаюцца егіпцяне, што Я – Пан, калі пакажу славу Маю на фараоне і ўсім войску ягоным, на калясніцах і вершніках ягоных.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Зых 15, 1b–2. 3–4. 5–6 (Р.: 1b)

Рэфрэн: Спяваю Пану, бо Ён узвысіўся.

1. Спяваю Пану, бо Ён узвысіўся, †
каня і вершніка яго скінуў у мора.*
2. Пан мая сіла і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
Ён мой Бог, Яго праслаўляю. *
Ён Бог айца майго, узвялічу Яго.

Рэфрэн:

3. Пан магутны ў барацьбе, *
Яго імя Усемагутны.
4. Калясніцы фараона і яго войска Ён кінуў у мора, *
лепшыя ваяры ягоныя патанулі ў Чырвоным моры.

Рэфрэн:

5. Бездань іх праглынула, *
яны сышлі ў глыбіні.
6. Правіца Твая, Пане, праслаўлена моцаю,*
правіца Твая, Пане, перамагла ворага.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  пар. Пс 95 (94), 8ab

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не рабіце сёння жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 12, 38–42
Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Езусу: Настаўнік, хочам ад цябе ўбачыць знак. Але Ён адказаў ім:

Пакаленне нягоднае і распуснае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

Людзі з Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае, чым Ёна.

Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а тут большае, чым Саламон.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Панядзелак

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"