Субота — пятнаццаты звычайны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 12, 37–42
Гэтай ноччу чуваў Пан над выйсцем іх з егіпецкай зямлі
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Выправіліся сыны Ізраэля, каля шасціста тысяч пешых мужчын, акрамя дзяцей, з Раамеса ў Суккот. І мноства розных людзей выйшла з імі, і авечкі, і валы, вельмі вялікі статак. Яны спяклі з цеста, якое вынеслі з Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ не закісла, таму што яны былі выгнаныя з Егіпта і не маглі марудзіць, а ежы не прыгатавалі сабе.
Прабыванне сыноў Ізраэля, якія жылі ў Егіпце, налічвае чатырыста трыццаць гадоў. Пасля чатырохсот трыццаці гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё войска Пана з егіпецкай зямлі. Гэтай ноччу чуваў Пан над выйсцем іх з егіпецкай зямлі. Гэта ноч — гэта чуванне для Пана сярод усіх сыноў Ізраэля ва ўсе іх пакаленні.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 136 (135), 1 і 23а–24. 10–12. 13а і 14а–15
Рэфрэн: Міласэрнасць Пана трывае навекі.
Або: Аллелюя
1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †
бо навекі Яго міласэрнасць. *
23. У прыніжэнні нашым Ён узгадаў пра нас,
24. вызваліў нас ад нашых ворагаў, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:
10. Пазабіваў егіпцянам першародных, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
12. Моцнаю рукою і распраўленым плячом, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:
13. Раздзяліў Чырвонае мора на часткі, *
14. і правёў Ізраэль сярод яго.
15. Укінуў фараона і яго войска ў Чырвонае мора, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 5, 19
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 12, 14–21
Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Фарысеі выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго.
Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. Але забараніў ім расказваць пра сябе, каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
Вось слуга Мой, якога Я выбраў,
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Ускладу дух Мой на Яго,
а Ён абвесціць суд народам.
Не будзе пярэчыць і лямантаваць,
і не пачуе ніхто на плошчах голасу Яго.
Трысціны надламанай не пераломіць,
і кнота, які тлее, не пагасіць,
пакуль не давядзе суд да перамогі.
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні