Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 11, 10 — 12, 14
Зарэжаце ягня на змярканні; і Я ўбачу кроў, і абміну вас

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей і Аарон учынілі перад фараонам мноства цудаў, але Пан зрабіў упартым сэрца фараона, і той не адпусціў сыноў Ізраэля са сваёй зямлі.

Сказаў Пан Майсею і Аарону ў зямлі егіпецкай: Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў. Ён для вас будзе першым сярод месяцаў года. Звярніцеся да ўсёй грамады Ізраэля і скажыце:

У дзесяты дзень гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для сваёй сям’і, ягня для дому. Калі ж сям’я будзе малая, каб з’есці ягня, то няхай разам з бліжэйшым да яго дому суседам возьме ягня паводле колькасці людзей. На кожнага столькі, колькі можа з’есці, разлічыце гэтае ягня.

Ягня павінна быць без заганаў, самец, аднагадовы. Выбраць можаце яго з ягнят або казлянят. І будзе яно ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца. А пасля ўся грамада Ізраэля зарэжа яго на змярканні. І возьмуць ягоную кроў, і пазначаць ёй вушакі і бэльку над дзвярамі ў дамах, дзе будуць есці яго. Няхай у гэтую ноч з’ядуць мяса ягонае, спечанае на агні; будуць есці яго з праснакамі і горкімі травамі. Не будзеце есці з яго нічога сырога і нічога зваранага ў вадзе, але з’ясце спечанае на агні з галавою, нагамі і нутром. І да раніцы няхай не застанецца ад яго нічога, а калі што застанецца, спаліце на агні. Так будзеце есці яго: сцёгны вашыя будуць апаясаныя, сандалі на нагах вашых і кій ваш у руках вашых. Есці будзеце паспешліва, бо гэта Пасха Пана.

У гэтую ноч Я прайду па зямлі егіпецкай і заб’ю кожнага першынца ў зямлі егіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і ўчыню суд над усімі багамі Егіпта. Я — Пан. І будзе кроў знакам на вашых дамах, дзе вы будзеце. І калі Я ўбачу кроў, абміну вас, і не будзе сярод вас згубнага мору, калі буду караць зямлю егіпецкую.

І дзень гэты будзе для вас на ўспамін, і будзеце святкаваць яго, як свята Пана праз усе пакаленні вашыя. Паводле вечнага загаду будзеце святкаваць яго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 116В (115), 12–13. 15–16bc. 17–18 (Р.: 13)

Рэфрэн: Келіх збаўлення ўзніму і буду заклікаць імя Пана.

Або: Аллелюя.

12. Чым аддзячу я Пану *
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
13. Келіх збаўлення ўзніму *
і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:

15. Каштоўная ў вачах Пана *
смерць Яго святых.
16. Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *
Ты разарваў мае кайданы.

Рэфрэн:

17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.
18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць Мой голас, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 12, 1–8
Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат.

А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?

Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б ведалі вы, што азначае: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, — не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар шабату.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць