Панядзелак — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 1, 8–14. 22
Паступім з ім мудра, каб ён не памнажаўся
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Над Егіптам паўстаў новы кароль, які не ведаў Юзафа. І сказаў ён народу свайму: Вось народ сыноў Ізраэля шматлікі і больш магутны за нас. Хадземце, паступім з ім мудра, каб ён не памнажаўся. Бо, калі будзе вайна, ён далучыцца да нашых ворагаў, і будзе ваяваць супраць нас, і выйдзе з зямлі нашай.
І паставілі над ім кіраўнікоў павіннасцяў, каб тыя прыгняталі яго цяжкімі працамі. І ён будаваў для фараона гарады для сховішчаў: Пітом і Рамзэс. Але чым больш яго прыгняталі, тым больш ён памнажаўся і рос. Таму баяліся сыноў Ізраэля, і таму егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраэля працаваць. Рабілі іх жыццё невыносным ад цяжкой працы з глінай і з цэглай, і ад усялякай працы на полі, і ад усялякай працы, якую жорстка прымушалі іх рабіць.
І загадаў фараон усяму свайму народу, кажучы: Кожнага сына, які народзіцца ў габрэяў, кідайце ў Ніл, а ўсіх дзяўчат пакідайце жывымі.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 124 (123), 1–3. 4–6. 7–8 (Р.: 8а)
Рэфрэн: Дапамога наша — у імені Пана.
1. Калі б Пан не быў з намі, — скажы Ізраэль, —
2. калі б Пан не быў з намі *
і людзі супраць нас паўсталі,
3. то яны праглынулі б нас жывымі, *
калі б распаліўся іх гнеў супраць нас.
Рэфрэн:
4. Тады б залілі нас воды, *
паток прайшоў бы над намі,
5. тады прайшлі б над намі бурлівыя воды. *
6. Благаслаўлёны Пан, які не аддаў нас як здабычу для зубоў іхніх.
Рэфрэн:
7. Душа наша, як птушка, вызвалілася з сіла лоўчых; *
сіло парвана, і мы ўратаваліся.
8. Дапамога наша — у імені Пана, *
які стварыў неба і зямлю.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 10, 34 — 11, 1
Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя.
Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.
Калі закончыў Езус настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні