Серада — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 41, 55–57; 42, 5–7а. 17–24а
Сапраўды, мы пакараныя за брата нашага
Чытанне кнігі Быцця.
Егіпецкую зямлю ахапіў голад, і народ пачаў крычаць перад фараонам, патрабуючы хлеба. І фараон адказаў ім: Ідзіце да Юзафа і зрабіце ўсё, што ён скажа вам. Паколькі голад пашыраўся па ўсёй зямлі, Юзаф адкрываў усе жытніцы і прадаваў збожжа егіпцянам. Між тым голад на егіпецкай зямлі ўзмацняўся. І людзі з усіх краін прыходзілі ў Егіпет купіць збожжа ў Юзафа, таму што голад панаваў па ўсёй зямлі.
Сыны Якуба таксама прыбылі ў егіпецкую зямлю разам з іншымі, хто прыходзіў па збожжа, бо голад дасягнуў таксама зямлі Ханаан. Юзаф жа быў кіраўніком зямлі егіпецкай, і гэта ён прадаваў збожжа народам. Калі ж прыйшлі да яго браты ягоныя і пакланіліся перад ім да зямлі, ён пазнаў іх.
І аддаў іх пад варту на тры дні. А на трэці дзень, калі іх вывелі з вязніцы, сказаў: Зрабіце, што я скажу, і будзеце жыць, бо Я баюся Бога. Калі вы шчырыя, то няхай адзін брат ваш застанецца ў вязніцы, дзе вас трымалі, а вы ідзіце і аднясіце збожжа сем’ям вашым, каб не галадалі. Свайго ж малодшага брата прывядзіце да мяне, каб вы пацвердзілі словы вашыя і не памерлі.,/
І зрабілі яны, як было сказана. І гаварылі адзін аднаму: Сапраўды, мы пакараныя за брата нашага, бо мы бачылі пакуты душы ягонай, калі ён маліў нас, але не прыслухаліся. Таму і напаткала нас гэта няшчасце. І Рубэн сказаў: Ці не казаў я вам: не грашыце супраць хлопца? Вы ж не слухалі мяне. І вось спаганяецца кроў ягоная.
Яны не ведалі, што Юзаф ўсё разумеў, таму што ён гаварыў з імі праз перакладчыка.
Тады ён адвярнуўся ад іх і расплакаўся.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 33 (32), 2–3. 10–11. 18–19 (Р.: 22)
Рэфрэн: Міласэрнасць Твая, няхай будзе над намі.
2.Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.
3.Спявайце Яму новую песню, *
прыгожа грайце Яму і гучна.
Рэфрэн:
10.Пан касуе намеры язычнікаў, *
знішчае задумы народаў.
11. Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэн:
18.Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 10, 1–7
Ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці Апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.
Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні