Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дванаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 17, 1. 9–10. 15–22
Няхай будзе абрэзаны кожны мужчына на знак запавету. Сара народзіць табе сына

Чытанне кнігі Быцця.

Калі Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, Пан аб’явіўся Абраму і сказаў яму: Я Бог Усемагутны, хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.

І сказаў Бог Абрагаму: Ты ж захавай запавет Мой, ты і патомства тваё пасля цябе ў іхніх пакаленнях. Гэта ёсць запавет Мой, які вы будзеце захоўваць паміж Мною і вамі, і паміж патомствам тваім пасля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчына.

І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку сваю, не называй Сарай, бо імя яе Сарра. Я благаслаўлю яе і дам табе ад яе сына. Благаслаўлю яе, і выйдуць з яе плямёны, каралі народаў будуць з яе. Упаў Абрагам на твар свой і рассмяяўся. І сказаў у сэрцы сваім: Няўжо ад стогадовага будзе сын, і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць? І сказаў Абрагам Богу: Хоць бы Ізмаіл жыў перад абліччам Тваім! А Бог сказаў: Менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і дасі яму імя Ісаак. Я заключу запавет Мой з ім, запавет вечны для патомства ягонага пасля яго. І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось Я благаслаўлю яго і ўчыню, што будзе ўзрастаць ён, і вельмі-вельмі памножу яго. Дванаццаць уладароў народзіцца ад яго, і Я выведу ад яго вялікі народ. Але запавет Мой заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты ж час на другі год.

І закончыў Бог гаварыць з Абрагамам, і ўзняўся ад яго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5 (Р.: 4)

Рэфрэн:  Благаслаўлёны чалавек, які баіцца Пана.

4. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана, *
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
5. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць, *
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.

Рэфрэн:

6. Жонка твая, як ураджайная вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.

Рэфрэн:

7. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, *
які баіцца Пана.
8. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну, †
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема *
ва ўсе дні жыцця твайго.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 8, 17

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус узяў на сябе нашую слабасць
і панёс хваробы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ  Мц 8, 1–4
Калі хочаш, можаш мяне ачысціць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Калі Езус сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей. І вось падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, выцягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ачысціўся той ад праказы. І кажа яму Езус: Глядзі, не кажы нікому, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які загадаў Майсей дзеля сведчання перад імі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць