Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дванаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 15, 1–12. 17–18
Абрам паверыў Богу і гэта залічылася яму як праведнасць (Рым 4, 3b); і заключыў Пан запавет з ім

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Пан скіраваў да Абрама слова ў аб’яўленні, кажучы: Не бойся, Абраме! Я твой шчыт; узнагарода твая будзе вельмі вялікая. Абрам сказаў: Пане Божа, што Ты дасі мне? Я застаюся бяздзетны, і спадкаемцам будзе распарадчык у доме маім – Эліэзэр з Дамаска. І дадаў Абрам: Вось Ты не даў мне патомства, і таму дамачадзец мой будзе маім спадкаемцам. І скіраваў Пан да яго слова, кажучы: Не ён будзе тваім спадкаемцам, а той, хто выйдзе з нутра твайго, будзе тваім спадкаемцам. І вывеў яго на вуліцу, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.

І сказаў яму: Я — Пан, які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую ва ўладанне. Ён сказаў: Пане Божа, як пазнаю я, што ўнаследую яе? Пан адказаў яму: Вазьмі для Мяне трохгадовую ялавіцу, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба. Ён узяў для Яго ўсё гэта і рассек іх папалам, і паклаў адну частку насупраць другой; толькі птушак не рассек. І пачалі злятацца да мяса драпежныя птушкі, але Абрам адганяў іх.

Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама. І вось ахапіў яго жах і вялікая цемра.

Калі зайшло сонца, настала глыбокая цемра, і вось дым, быццам з печы, і полымя агню прайшлі паміж рассечанымі жывёламі. У той дзень заключыў Пан запавет з Абрамам, сказаўшы: Патомству твайму даю гэтую зямлю, ад ракі егіпецкай ажно да вялікай ракі, ракі Еўфрат.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 105 (104), 1–2. 3–4. 6–7. 8–9 (Р.: 8а)

Рэфрэн:  Вечна Пан памятае пра свой запавет.

1. Слаўце Пана, заклікайце імя Яго, *
абвяшчайце справы Яго сярод народаў.
2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.

Рэфрэн:

3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.
4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

8. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
9. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 4a. 5b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас, — кажа Пан.
Хто застаецца ўва Мне, той прыносіць багаты плён.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ  Мц 7, 15–20
Па пладах іхніх пазнаеце іх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Асцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цёрну вінаград або з асоту смоквы? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, ні дрэва дрэннае радзіць добрыя плады.

Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Таму па пладах іхніх пазнаеце іх.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"