Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

ХIІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 20, 10–13
Уратаваў жыццё беднага ад рукі злачынцаў

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Ерамія сказаў:
Я чуў пагалоскі многіх:
Страх навокал!
Выкрыйце, і мы выкрыем яго!
Усе, што былі ў згодзе са мною,
чакаюць падзення майго:
Можа, удасца, – яны кажуць, – падмануць яго,
тады пераможам яго і адпомсцім яму.
Але Пан са мною, як магутны волат,
таму ганіцелі мае спатыкнуцца і скарáцца.
Пасаромяцца сваім падзеннем,
і будзе ім вечная і непазбыўная ганьба.
Пане Магуццяў, які выпрабоўваеш праведніка,
Ты глядзіш на задумы і сэрца,
прашу, каб я ўбачыў Тваю помсту над імі,
бо я адкрыў Табе сваю справу.
Спявайце Пану, праслаўляйце Пана,
бо Пан уратаваў жыццё беднага
ад рукі злачынцаў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 69 (68), 8–10. 14 і 17. 33–35 (Р.: 14c)

Рэфрэн:  Пачуй мяне, Пане, у вялікай сваёй міласэрнасці.

8. Дзеля Цябе я цярплю знявагу, ганьба твар мой пакрыла.*
9. Я стаў чужым для братоў маіх, чужынцам для сыноў маёй маці.
10. Бо руплівасць аб доме Тваім з’ядае мяне, *
і знявагі тых, хто Цябе зневажае, упалі на мяне.

Рэфрэн:

14. Я ўзношу да Цябе маю малітву, Пане, у час ласкавасці, Божа. *
Пачуй мяне ў вялікай сваёй міласэрнасці,
у праўдзе Твайго збаўлення.
17. Пачуй мяне, Пане, бо шчодрая міласць Твая, *
глянь на мяне паводле вялікай дабрыні сваёй.

Рэфрэн:

33. Убачаць убогія і ўсцешацца, †
і ажыве сэрца тых, хто шукае Бога. *
34. Бо Пан слухае бедных і не пагарджае вязнямі сваімі.
35. Няхай славяць Яго зямля і нябёсы, *
мора і ўсё, што рухаецца ў іх.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 5, 12–15
З дарам ласкі не так, як са злачынствам

Чытанне з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе зграшылі. Бо і перад Законам грэх быў у свеце; але грэх не залічваецца, калі няма Закону. Аднак смерць валадарыла ад Адама аж да Майсея нават над тымі, хто не саграшыў падобна злачынству Адама, які ёсць правобразам будучага.

Але з дарам ласкі не так, як са злачынствам. Бо калі праз злачынства аднаго памерлі многія, то дзякуючы ласцы аднаго чалавека, Езуса Хрыста, нашмат больш ласкі Божай і дару сышло шчодра на многіх.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 26b. 27а

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух праўды будзе сведчыць пра Мяне, — кажа Пан, —
але і вы таксама будзеце сведчыць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ  Мц 10, 26–33
Не бойцеся тых, хто забівае цела

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім Апосталам: Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"