Чацвер — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 11, 1–11
Бескарысліва прапаведаваў вам Евангелле Божае
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі б вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці. Але вы і так паблажлівыя да мяне. Бо я руплюся аб вас рупнасцю Божаю, бо я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом, як чыстую дзеву. Аднак баюся, каб так, як змей хітрасцю сваёй падмануў Еву, не былі зведзеныя думкі вашыя ад прастаты і беззаганнасці, што ў Хрысце. Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць іншага Езуса, якога мы не прапаведавалі, ці калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымлівалі, ці іншае Евангелле, якога не прымалі, – то вы ахвотна згаджаецеся. Але думаю, што я зусім не ніжэйшы за найвышэйшых Апосталаў. Хоць я і невук у красамоўстве, але не ў пазнанні. Урэшце, усяляк і ва ўсім мы адкрыліся вам.
Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо бескарысліва прапаведаваў вам Евангелле Божае? Іншыя Касцёлы абабраў, прымаючы плату для служэння вам. Будучы ў вас ды церпячы нястачу, нікому не дакучаў, бо патрэбы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі. Ды і ва ўсім я стараўся і стараюся не быць для вас цяжарам. Як ёсць ува мне праўда Хрыстовая, так гэтая пахвала мая не сціхне ў землях Ахаі. Чаму? Ці таму, што не люблю вас? Бог ведае.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 111 (110), 1–2. 3–4. 7–8 (Р.: 7а)
Рэфрэн: Справы рук Тваіх, Пане, праўдзівыя і справядлівыя.
1. Буду славіць Пана ўсім сваім сэрцам *
у коле праведных і на сходзе.
2. Вялікія справы Пана, *
жаданыя для ўсіх, хто іх любіць.
Рэфрэн:
3. Справа Ягоная — гэта хараство і веліч, *
а справядлівасць Ягоная трывае навекі.
4. Учыніў памятнымі свае цуды, *
ласкавы і міласэрны Пан.
Рэфрэн:
7. Справы рук Ягоных праўдзівыя і справядлівыя, *
пэўныя ўсе Яго наказы,
8. умацаваныя на вякі вякоў, *
устаноўленыя ў праўдзе і справядлівасці.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Рым 8, 15bc
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Вы прынялі Духа ўсынаўлення,
у якім мы клічам: Абба, Ойча!
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 6, 7–15
Таму так маліцеся
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні