Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 11, 18. 21b-30
Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Паколькі многія хваляцца паводле цела, я таксама буду хваліцца. Калі хто адважваецца нечым хваліцца, то, кажучы неразважліва, адважуся і я.

Яны габрэі? І я. Яны ізраэльцяне? І я. Яны патомства Абрагама? І я. Яны слугі Хрыста? Нібы шалёны кажу: Я больш. Больш у працы, больш у цямніцах, у ранах празмерных і шмат разоў пры смерці. Ад юдэяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго. Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў я ў марской глыбіні. Часта быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад суайчыннікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы на пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод фальшывых братоў, у працы і знясіленні, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў посце, у холадзе і галечы.

Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах. Хто знемагае, а я не знемагаю? Хто ўпадае ў грэх, а я не палаю? Калі мне трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 34 (33), 2-3. 4-5. 6-7 (Р.: пар. 18b)

Рэфрэн: Ад усіх бедаў Пан выбаўляе справядлівых.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
4. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 3

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 6, 19-23
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё будзе дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць