Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

ХI Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 19, 2–6а
Будзеце для Мяне валадарствам святароў і народам святым

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Дайшоўшы аж да Сінайскай пустыні, сыны Ізраэля разбілі лагер у пустыні; і лагер Ізраэля ўладкаваўся там насупраць гары. Майсей узышоў да Бога, і паклікаў яго Пан з гары, кажучы: Так скажаш дому Якуба і абвесціш сынам Ізраэля: вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам і як насіў вас на арліных крылах, і прывёў вас да сябе. Цяпер, калі будзеце слухацца голасу Майго і захоўваць запавет Мой, то станеце Маёй уласнасцю сярод усіх народаў, бо Мая ўся зямля. І вы будзеце для Мяне валадарствам святароў і народам святым.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 100 (99), 2. 3. 5 (Р.: 3c)

Рэфрэн:  Мы Яго народ і авечкі Ягонай паствы.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 5, 6–11
Калі мы паядналіся праз смерць Сына, то тым больш збавімся праз Яго жыццё

Чытанне з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Калі мы былі яшчэ слабымі, Хрыстус у вызначаны час памёр за бязбожных. Бо наўрад ці нехта памрэ за праведніка? Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці. Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Тым больш цяпер, апраўданыя Яго Крывёй, мы будзем збаўленыя праз Яго ад гневу. Бо калі, будучы ворагамі, мы паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына, то, паяднаўшыся, мы тым больш збавімся праз Яго жыццё. І не толькі гэта, але і ганарымся ў Богу праз Пана нашага Есуса Хрыста, дзякуючы Якому мы атрымалі цяпер паяднанне.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Наблізілася Валадарства Божае, — кажа Пан, —
кайцеся і верце ў Евангелле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ  Мц 9, 36–10, 8
Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, паслаў іх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Забядэя і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"