Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 8, 2–3. 14b–16а
Карміў цябе маннаю, якой не ведаў ты і не ведалі продкі твае

Чытанне кнігі Другазаконня.

Mайсей сказаў народу:

Памятай увесь шлях, якім вёў цябе Пан, Бог твой, па пустыні гэтыя сорак гадоў, каб скарыць цябе і выпрабаваць, і пазнаць, што ў сэрцы тваім, ці будзеш захоўваць запаведзі, ці не. Ён скарыў цябе, мучаў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якой не ведаў ты і не ведалі продкі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Пана, жыве чалавек. Не забывай Пана Бога твайго, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі. Які быў тваім правадыром у пустыні вялікай і страшнай, дзе змей ядавіты і скарпіён, і зямля бязводная. Ён здабыў для цябе ваду са скалы крамянёвай. Карміў цябе ў пустыні маннаю, якой не ведалі продкі твае.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 147, 12–13. 14–15. 19–20 (Р.: 12а)

Рэфрэн:  Хвалі, Ерузалем, Пана.

Або:  Аллелюя.

12. Хвалі, Ерузалем, Пана, *
праслаўляй, Сіён, твайго Бога.
13. Бо Ён умацоўвае засовы брамаў тваіх, *
благаслаўляе сярод цябе сыноў тваіх.

Рэфрэн:

14. Ён усталёўвае мір на тваіх межах, *
і насычае цябе адборнаю пшаніцай.
15. Ён пасылае слова сваё на зямлю, *
вельмі хутка ляціць Яго слова.

Рэфрэн:

21. Ён абвясціў слова сваё Якубу, *
пастановы свае і прысуды Ізраэлю.
22. Ніякаму народу больш так не ўчыніў, *
яны не ведаюць прысудаў Ягоных.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 10, 16–17
Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба.

Гэта слова Божае.

Секвенцыя

1. Гэта Хлеб анёлаў Божых,
стаў пасілкам падарожных,
што імкнуцца да нябёс.
Хлеб сапраўдны слугаў Божых
псам кідаць яго не гожа,
бо яго даў сам Хрыстос.

2. У Пісаннях прадказаны,
быў спрадвеку ўшанаваны
Хлеб спасланы ад Айца.
Богу Абрагам прыносіць
сына у ахвяру, просіць
моцы ў веры да канца.

3. І ягнё, што выбіралі,
як пасхальны дар складалі —
сімвал вобраза таго.
Манна, з неба што спаслана,
сведчыць аб любові Пана,
міласэрнасці Яго.

4. Добры Пастыр, Хлеб праўдзівы,
Езу, будзь нам літасцівы,
Нас кармі і апякай.
І з Айцоўскай дабрынёю
ў славе, на нябесным Троне
нас, дзяцей сваіх, прымай.

5. Ты ўсё ведаеш і можаш,
ўсемагутны, вечны Божа,
жывіш верных на зямлі.
Дай, каб мы ў хвале нябеснай
са святымі годнай песняй
праслаўляць той Хлеб змаглі.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 6, 51

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я хлеб жывы, які сышоў з неба, — кажа Пан.
Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 6, 51–58
Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў юдэям: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"