Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дзявяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 11, 5–17 (Vlg)
Бог пакараў мяне і злітаваўся нада мною, і вось я бачу Тобія, сына майго

Чытанне кнігі Тобія..

У той дзень:

Ганна сядзела, углядаючыся ў дарогу, якою павінен быў вярнуцца яе сын. І здалёк пазнала яго, калі ён ішоў, і сказала бацьку ягонаму: Вяртаецца сын твой і чалавек, з якім пайшоў ён.

Перад тым, як Тобій наблізіўся да свайго бацькі, Рафаэль сказаў яму: Ведаю, што адкрыюцца вочы ягоныя. Памаж яму вочы жоўцю рыбы, і лек выцягне і злушчыць бельмы з вачэй ягоных. І вернецца зрок да бацькі твайго, і ён убачыць святло.

Ганна выбегла насустрач Тобію, і кінулася на шыю свайму сыну, і сказала: Сыне мой, я зноў бачу цябе; цяпер я магу памерці! І заплакала.

Тады бацька Тобія падняўся і, спатыкаючыся, кінуўся да варотаў падворка. І сын сустрэў яго з жоўцю рыбы ў руках, падзьмуў на вочы ягоныя і, моцна ўзяўшы яго, сказаў: Будзь мужны, бацька! І, выціснуўшы на яго лек, памазаў ім вочы. І садраў абедзвюма рукамі бельмы з куткоў вачэй ягоных. І бацька ўбачыў свайго сына, кінуўся яму на шыю, і заплакаў, кажучы: Я бачу цябе, сыне, святло вачэй маіх! І працягваў: Благаслаўлёны Бог, і благаслаўлёнае вялікае імя Яго, благаслаўлёныя ўсе святыя Анёлы Ягоныя на ўсе вякі, бо гэта Ён пакараў мяне і злітаваўся нада мною, і вось я бачу Тобія, сына майго!

І з радасцю ўвайшлі Тобій і яго жонка Ганна да свайго дому, на ўвесь голас благаслаўляючы Пана за ўсё, што з імі здарылася. І Тобій расказаў свайму бацьку, што, дзякуючы Пану Богу, добра прайшло падарожжа ягонае, і што прынёс грошы, і што ажаніўся з Сарай, дачкою Рагуэля, і што яна таксама ідзе і ўжо набліжаецца да брамаў Нінівы.

І ўзрадаваліся Тобій і Ганна, і выйшлі насустрач сваёй нявестцы да брамаў Нінівы. І жыхары Нінівы здзіўляліся, убачыўшы, што Тобій крочыць і ходзіць ва ўсёй моцы сваёй і без нічыёй дапамогі. А Тобій на ўвесь голас праслаўляў і благаслаўляў перад імі Бога, таму што Ён змілаваўся над Тобіем і адкрыў вочы ягоныя.

І наблізіўся Тобій да Сары, жонкі Тобія, сына свайго, і благаславіў яе, кажучы ёй: Дачка, сардэчна вітаю цябе! Благаслаўлёны Бог твой, які прывёў цябе да нас, дачка! Благаслаўлёны твой бацька, благаслаўлёны Тобій, сын мой, і благаслаўлёная ты, дачка! Уваходзь да дому твайго ў здароўі, благаслаўленні і радасці, уваходзь, дачка! І была ў той дзень вялікая радасць ва ўсіх юдэяў, якія жылі ў Нініве.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 146 (145), 2. 7. 8–9а. 9bc–10 (Р.: 1b)

Рэфрэн: Хвалі, душа мая, Пана.

2. Буду славіць Пана *
ў сваім жыцці;
буду спяваць майму Богу, *
пакуль існую.

Рэфрэн:

7. Ён справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.

Рэфрэн:

8. Пан адкрывае вочы сляпым, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
9. Пан абараняе чужаземцаў.

Рэфрэн:

Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
10. Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 23

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 12, 35–37
Як могуць казаць, што Месія — сын Давіда?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Адказваючы, Езус казаў, навучаючы ў святыні: Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда? Сам жа Давід сказаў ў Духу Святым: Пан сказаў Пану майму: сядзь праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае. Сам Давід называе Яго Панам; то як жа Ён можа быць ягоным сынам?

І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"