Аўторак — дзявяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 2, 9–14 (Vlg)
Я заставаўся невідушчым

Чытанне кнігі Тобія.

Я, Тобій, у ноч Пяцідзесятніцы, пасля таго, як пахаваў мёртвага, пайшоў на двор свой і заснуў каля сцяны на двары, і з-за спёкі я не накрываў свайго твару. Я не ведаў, што на сцяне нада мною былі вераб’і, і іх цёплы гной зваліўся мне на вочы і навёў на іх бельмы. І я хадзіў лячыцца да лекараў, аднак чым больш яны мазалі мне вочы лекамі, тым больш слеплі мае вочы ад бельмаў, пакуль я не аслеп цалкам. Б/

На працягу чатырох гадоў я заставаўся невідушчым, і ўсе мае браты былі засмучаны з-за мяне. Архікар ўтрымліваў мяне два гады, перш чым адправіўся ў Элімаіду. У той час мая жонка Ганна выконвала для заробку жаночыя працы, прадучы лён. Тое, што зрабіла, яна пасылала гаспадарам, а яны плацілі ёй заробак. У сёмы дзень месяца дыстра яна выткала сукно і аддала яго гаспадарам, і яны поўнасцю заплацілі ёй, даўшы таксама казляня для спажытку. Б/

Калі казляня падышло да мяне, яно пачало бляяць. Я паклікаў жонку і спытаўся: Адкуль гэтае казляня? Ці, выпадкам, яно не крадзенае? Аддай яго гаспадарам ягоным: нам нельга спажываць нічога крадзенага. Яна ж мне казала: Мне падаравалі яго ў дадатак да заробку. Аднак я не верыў ёй, кажучы, каб аддала яго гаспадарам, і раззлаваўся на яе з-за гэтага. Тады яна сказала мне ў адказ: Ну і дзе твая міласціна? Дзе твая справядлівасць? Цяпер усё пра цябе вядома.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 112 (111), 1–2. 7bc–8. 9 (Р.: пар. 7b)

Рэфрэн: Моцнае сэрца таго, хто спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.

Рэфрэн:

7. Моцнае сэрца таго, *
хто спадзяецца на Пана.
8. Умацаванае сэрца яго не будзе баяцца. *
калі гляне на ворагаў сваіх.

Рэфрэн:

9. Раскідаў, раздаў бедным; *
справядлівасць ягоная трывае навекі,
моц ягоная *
ўзвысіцца ў славе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Эф 1, 17–18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста
прасветліць вочы сэрца вашага,
каб мы ведалі, у чым надзея паклікання нашага.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 12, 13–17
Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Паслалі да Езуса некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць яго на слове. Падышоўшы, яны спыталіся ў Езуса: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва навучаеш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?

А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, кажа ім: Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець. Прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара.

Тады Езус сказаў ім: Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу. І дзівіліся з Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць