Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — VII Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 25, 13b–21
Павел сцвярджае пра памерлага Езуса, што Ён жывы

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста. Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека. Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння. Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў.

Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень сеў у трыбунале і загадаў прывесці таго чалавека. Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не ўнеслі супраць ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў. Яны спрачаліся з ім пра іх веру і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы.

Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта. Калі ж Павел пажадаў, каб яго справу разглядаў Аўгуст, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 103 (102), 1–2. 11–12. 19–20аb (Р.: 19а)

Рэфрэн:  Пан паставіў трон свой на нябёсах.

Або:  Аллелюя.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана, *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.
12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.

Рэфрэн:

19. Пан паставіў трон свой на нябёсах, *
і валадарства Яго над усім пануе.
20. Благаслаўце Пана, Ягоныя анёлы, *
магутныя сілай, якія выконваеце Ягонае слова.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 17, 21Ян 14, 26

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух Святы навучыць вас усяму
і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 21, 15–19
Пасі ягнят Маіх, пасі авечак Маіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі Езус з’явіўся cваім вучням і снедаў разам з імі, сказаў Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх.

Зноў кажа яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.

І кажа яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.

Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.

А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Велікодны перыяд, Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць