Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

16 мая — успамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 12, 10–12а
Перамаглі, дзякуючы крыві Ягняці

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, пачуў голас моцны, які казаў ў небе: Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым. І яны перамаглі яго, дзякуючы крыві Ягняці і дзякуючы слову сведчання свайго, і не палюбілі жыцця свайго аж да смерці. Таму радуйцеся нябёсы і ўсе, хто насяляе іх.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 34 (33), 2–23 (Р.: 5b)

Рэфрэн: Ад усіх пагрозаў Пан вызваліў мяне.

Або:  Аллелюя.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

8. Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, *
і вызваляе іх.
9. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! *
Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 17, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

За іх Я пасвячаю сябе, — кажа Пан, —
каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 17, 20—26
Каб былі з’яднаныя ў адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Аўторак

Друкаваць