Чацвер — ІV Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 13, 13–25
З патомства Давіда Бог вывеў Збаўцу Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі Павел і тыя, хто быў з ім, адплылі з Пафаса, прыбылі ў Пэргэ, што ў Памфіліі. Але Ян адлучыўся ад іх і вярнуўся ў Ерузалем. Яны ж прайшлі Пэргэ і прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую, і ў суботу ўвайшлі ў сінагогу, і селі. Пасля чытання Закону і Прарокаў кіраўнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: Браты, калі маеце нейкае слова заахвочвання для народа, скажыце.
Тады Павел устаў і даў знак рукою, і сказаў: Мужы Ізраэля і тыя, хто баіцца Бога, слухайце! Бог гэтага ізраэльскага народа выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ падчас знаходжання ў зямлі егіпецкай, і ўзнятаю рукою вывеў іх з яе. І каля сарака гадоў цярпеў іх звычаі на пустыні. І знішчыўшы сем народаў у зямлі ханаанскай, даў ім у спадчыну зямлю іхнюю пасля чатырохсот пяцідзесяці гадоў. І потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
Затым папрасілі караля, і Бог даў ім Саўла, сына Кіша, мужа з пакалення Бен’яміна, на сорак гадоў.
І пасля гэтага прызначыў Давіда каралём іхнім, пра якога і сказаў, засведчыўшы: Я знайшоў Давіда, сына Есэя, мужа па сэрцу Майму, які выканае ўсе жаданні Мае.
З ягонага патомства, паводле абяцання, Бог вывеў для Ізраэля Збаўцу Езуса. Перад Ягоным прыйсцем Ян прапаведаваў хрост пакаяння ўсяму ізраэльскаму народу. Пад канец сваёй дзейнасці Ян сказаў: Я не з’яўляюся тым, кім вы лічыце мяне; але вось за мною ідзе той, каму я не варты развязаць сандалі на нагах.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 89 (88), 2–3. 21–22. 25 і 27 (Р.: пар. 2а)
Рэфрэн: Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна.
Або: Аллелюя.
2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, *
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.
Рэфрэн:
21. Знайшоў Давіда, слугу майго, *
Я намасціў яго маім святым алеем,
22. Рука моцы маёй заўсёды будзе з ім, *
і плячо маё яго падтрымае.
Рэфрэн:
25. З ім мая вернасць і ласка, *
у маім імені ўзвялічана яго моц.
27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і скала збаўлення майго.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ап 1, 5ab
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус Хрыстус, верны сведка, першародны сярод памерлых,
Ты палюбіў нас і змыў грахі нашыя сваёй Крывёю.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 13, 16–20
Хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Kалі Езус абмыў вучням ногі, сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго. Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя.
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго абраў. Але, каб збылося Пісанне: Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту. Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні