Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — ІV Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 11, 1–18
Вось жа і язычнікам даў Бог пакаянне дзеля жыцця

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, даведаліся, што і язычнікі прынялі слова Божае. Калі Пётр увайшоў у Ерузалем, абрэзаныя дакаралі яго, кажучы: Да неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі. Пётр пачаў ім тлумачыць па парадку, кажучы:

Я быў у горадзе Яффе і маліўся. І ў захапленні ўбачыў аб’яўленне: нейкае начынне сыходзіла, нібы вялікае палатно, што чатырма канцамі спускалася з неба. І наблізілася аж да мяне. Я ўважліва прыгледзеўся да яго і ўбачыў чацвераногіх зямных, звяроў, паўзуноў і птушак нябесных.

І пачуў голас, які казаў мне: Пётр, устань, забівай і еш! Але я сказаў: Не, Пане, бо ніколі нішто апаганенае ці нячыстае не ўваходзіла ў вусны мае. Голас з неба другі раз адказаў мне: Што Бог ачысціў, таго не называй нячыстым. Гэта было тройчы, і зноў усё ўзнялося ў неба.

І вось, у тую самую хвіліну тры чалавекі, пасланыя да мяне з Цэзарэі, з’явіліся каля дому, у якім мы былі. Дух сказаў мне ісці разам з імі без ваганняў. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў. І ўвайшлі мы ў дом таго чалавека. Ён нам расказаў, што ўбачыў у сваім доме анёла, які сказаў яму: Пашлі ў Яффу і пакліч Сымона, якога завуць Пётр. Ён абвесціць табе словы, якімі збавішся ты і ўвесь твой дом.

А калі я пачаў прамаўляць, сышоў на іх Дух Святы, як і на нас спачатку. Тады я ўспомніў слова Пана, як Ён казаў: Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя Духам Святым. Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана, Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?

Калі пачулі гэта, супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: Вось жа і язычнікам даў Бог пакаянне дзеля жыцця.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 42 (41), 2–3; Пс 43 (42), 3. 4 (Р.: пар. Пс 42 (41), 3а)

Рэфрэн:  Душа мая прагне Цябе, Бога жывога.

Або:  Аллелюя.

2. Як лань прагне вады з патоку, *
так душа мая прагне Цябе, Божа.
3. Душа мая прагне Бога, Бога жывога, *
калі я пайду і з'яўлюся перад Божым абліччам?

Рэфрэн:

3. Пашлі святло Тваё і Тваю праўду, *
няхай яны мяне вядуць,
яны прывядуць мяне на Тваю святую гару *
і да Твайго жылля.

Рэфрэн:

4. Я прыйду да Божага алтара, *
да Бога радасці і вяселля майго,
і буду славіць Цябе на арфе, *
Божа, мой Божа.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — добры пастыр, — кажа Пан, —
і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 10, 11–18
Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.