Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — ІIІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 8, 26–40
Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца?

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Анёл Пана сказаў Філіпу: Устань і ідзі ў поўдзень на дарогу, што вядзе з Ерузалема ў Газу; яна пустая. І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу, вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю.

Дух сказаў Філіпу: Падыдзі і далучыся да яго павозкі. Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: Ці разумееш, што чытаеш?

Той адказаў: Як жа магу разумець, калі ніхто не раз’ясніў мне? І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.

А ўрывак з Пісання, якое ён чытаў, быў такі: Як авечка, якую вядуць на зарэз, як ягнё, што маўчыць перад тымі, хто стрыжэ яго, так і Ён не адкрыў вуснаў сваіх. У пакоры сваёй быў асуджаны; і хто раскажа пра ягоны род? Бо забіраюць з зямлі жыццё Ягонае.

Еўнух спытаўся ў Філіпа: Прашу цябе, скажы, пра каго гэта кажа прарок? Ці пра сябе, ці пра каго іншага? Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, прапаведаваў яму Езуса.

Калі яны ехалі па дарозе, наблізіліся да нейкай вады, і еўнух сказаў: Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца? А Філіп сказаў яму: Калі верыш ад усяго сэрца — можна. Той адказаў яму: Веру, што Езус Хрыстус ёсць Сынам Божым. І загадаў спыніць павозку. І сышлі абодва, Філіп з еўнухам, у ваду. І ахрысціў яго.

Калі яны выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа. І еўнух ужо больш не бачыў яго. І працягваў шлях свой, радуючыся. А Філіп прыбыў у Азот і, ідучы, абвяшчаў Евангелле ва ўсіх гарадах, пакуль не прыйшоў у Цэзарэю.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 66 (65), 8–9. 16–17. 20 (Р.: 1)

Рэфрэн:  Усклікні Богу, уся зямля.

Або:  Аллелюя.

8. Благаславіце, народы, нашага Бога *
і абвяшчайце Яго хвалу,
9. Ён захаваў жыццё нашай душы *
і нагам нашым не даў спатыкнуцца.

Рэфрэн:

16. Усе, хто баіцца Бога, прыйдзіце і паслухайце, *
я раскажу вам, што Ён учыніў для маёй душы.
17. Яго клікаў я вуснамі сваімі *
і ўзвялічваў Яго сваім языком.

Рэфрэн:

20. Благаслаўлёны Бог, *
які не адкінуў маёй малітвы,
і не пазбавіў мяне *
міласэрнасці сваёй.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 6, 51

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я хлеб жывы, які сышоў з неба, — кажа Пан.
Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 6, 44–51
Я хлеб жывы, які сышоў з неба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў народу: Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.

Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні, Велікодны перыяд

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.