Субота — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 21–28
Я зраблю іх адным народам

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я вазьму сыноў Ізраэля з народаў, між якімі разышліся, і збяру іх адусюль, і прывяду іх да зямлі іх. Я зраблю іх адным народам на зямлі, на гарах Ізраэля, і адзін кароль будзе каралём над імі ўсімі, і яны больш не будуць двума народамі, і больш не будуць падзеленыя на два каралеўствы.

І ўжо не будуць апаганьваць сябе сваімі ідаламі, ні брыдотай сваёй, ні праступкамі сваімі. Я вызвалю іх з усіх іхніх паселішчаў, дзе яны грашылі, і ачышчу іх. Яны будуць Маім народам, а Я буду іх Богам.

Слуга Мой, Давід, будзе каралём над імі, і адзін пастыр будзе над усімі імі. Яны будуць паступаць паводле Маіх законаў і наказы Мае будуць захоўваць і выконваць. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі вашыя. Там будуць жыць яны і дзеці іхнія, і дзеці дзяцей іх навекі. А Давід, слуга Мой, будзе правадыром іх назаўсёды.

І заключу з імі запавет спакою: гэта будзе вечны запавет з імі. Я ўмацую іх і памножу, і пастаўлю Маю святыню сярод іх навекі. Жыллё Маё будзе сярод іх, Я буду іх Богам, а яны будуць Маім народам. І даведаюцца народы, што Я, Пан, асвячаю Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Ер 31, 10. 11–12аb. 13 (Р.: пар. 10d)

Рэфрэн:  Пан зберажэ нас, як свой статак пастыр.

10. Слухайце, народы, слова Пана, *
абвяшчайце на далёкіх выспах і кажыце:
Хто рассеяў Ізраэль, той збярэ яго *
і будзе берагчы яго, як пастух свой статак.

Рэфрэн:

11. Бо Пан адкупіў Якуба, *
уратаваў з рукі мацнейшага, чым ён.
12. І яны прыйдуць і будуць спяваць на вышынях Сіёну, *
і схіляцца да дабротаў Пана.

Рэфрэн:

13. Тады дзяўчына будзе весяліцца ў танцы, *
і юнакі разам са старымі.
Я змяню іх плач на радасць, *
суцешу іх і развесялю пасля смутку.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Эзх 18, 31

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, — кажа Пан, —
і стварыце ў сабе новае сэрца і новы дух.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 11, 45–57
Каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго. А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус. Тады першасвятары і фарысеі сабралі Высокую раду і сказалі: Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат цудаў? Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне і знішчаць месца нашае і наш народ. А адзін з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: Вы нічога не разумееце і не думаеце, што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў.

А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно. З гэтага дня вырашылі забіць Яго.

Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у ваколіцы каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.

Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?

А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб можна было схапіць Яго.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Даносчыкі і сведкі

Многія з тых, хто бачыў, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго і сталі Яго сведкамі. Аднак знайшліся і такія, якія вырашылі данесці на Яго рэлігійным аўтарытэтам. Першасвятары і фарысеі выдалі загад, каб кожны, хто толькі ведае месца прабывання Езуса, данёс ім. Ці таму, хоць Езус дзейнічаў і навучаў адкрыта, тыя, якія павінны быць духоўнымі праваднікамі народу, не змаглі Яго знайсці? Не трэба згадваць тое, што яны не зразумелі, кім Ён ёсць. Нялёгка знайсці Езуса. Хоць Ён не хаваецца ад нас, аднак знайсці Езуса можна толькі ў святле веры. У адваротным выпадку Ён застанецца мудрацом, які навучае, ці лекарам, пра якога мы чулі прыгожыя аповеды, але якога ў прынцыпе ніколі не сустрэлі, хоць столькі разоў праходзілі побач. Больш таго, калі навука Езуса нейкім чынам перакрэслівае нашы планы ці шляхі, мы гатовыя данесці на Яго, каб вызваліцца ад нязручнага дысанансу.

Пане Езу, адары нас ласкай веры, якая заўсёды будзе паказваць нам дарогу да Цябе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Вялікі пост, Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць