Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — ІIІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 5, 1–15а
Шмат было пракажоных у Ізраэлі, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца (Лк 4, 27)

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Нааман, кіраўнік войска сірыйскага караля, быў вялікім і паважаным чалавекам у свайго гаспадара, бо праз яго Пан даў перамогу Сірыі. Аднак гэты мужны чалавек быў хворы на праказу.

Аднойчы сірыйцы напалі на зямлю Ізраэля і ўзялі ў палон дзяўчынку, якую аддалі прыслужваць жонцы Наамана. І сказала яна сваёй гаспадыні: О, калі б мой гаспадар стаў перад прарокам, які ў Самарыі, той бы адразу вылечыў яго ад праказы ягонай.

Тады Нааман прыйшоў да свайго гаспадара і сказаў, што так і так гаварыла дзяўчынка з зямлі Ізраэля. І сказаў сірыйскі кароль: Ідзі, я пашлю ліст да караля Ізраэля.

Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра, шэсць тысяч залатых шэкеляў і дзесяць змен вопраткі. А каралю Ізраэля прынёс ліст з наступнымі словамі: Калі атрымаеш гэты ліст, ведай, што я паслаў да цябе Наамана, слугу майго, каб ты вылечыў яго ад праказы ягонай.

Калі кароль Ізраэля прачытаў гэты ліст, ён раздзёр шаты свае і сказаў: Хіба я Бог, каб забіваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне лячыць чалавека ад праказы? Таму ведайце і глядзіце: ён шукае зачэпкі супраць мяне.

Калі Елісей, чалавек Божы, пачуў тое, што кароль раздзёр свае шаты, паслаў да яго сказаць: Чаму раздзёр ты шаты свае? Няхай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсць у Ізраэлі прарок.

Тады прыехаў Нааман са сваімі коньмі і калясніцамі і стаў перад дзвярыма дому Елісея. І паслаў Елісей да яго пасланца сказаць: Ідзі і абмыйся сем разоў у Ярдане, і загоіцца цела тваё, і будзеш ачышчаны.

Нааман разгневаўся і адышоў, кажучы: Я думаў, што ён сапраўды выйдзе да мяне, і стане, і пакліча імя Пана Бога свайго, і дакранецца рукою сваёй да пракажонага месца, і вылечыць мяне. Ці ж Абана і Фарфар, дамаскія рэкі, не лепшыя за ўсе воды Ізраэля? Ці не магу я абмыцца ў іх і быць ачышчаным? Калі ж ён развярнуўся і пайшоў з абурэннем, ягоныя слугі наблізіліся да яго і сказалі: Гаспадару наш, калі б прарок сказаў табе зрабіць вялікую рэч, ты напэўна б зрабіў? Дык зрабі тым больш, калі ён кажа табе “абмыйся, і будзеш ачышчаны”.

Тады пайшоў Нааман і акунуўся сем разоў у Ярдан, як казаў яму чалавек Божы, і цела ягонае стала як цела дзіцяці, і ён быў ачышчаны.

І вярнуўся да чалавека Божага з усёй сваёй світай, прыйшоў і стаў перад ім, кажучы: Вось я пазнаў, што няма Бога на ўсёй зямлі, як толькі ў Ізраэлі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 42 (41), 2–3; Пс 43 (42), 3. 4 (Р.: Пс 42 (41), 3а)

Рэфрэн: Душа мая прагне Бога жывога.

2. Як лань прагне вады з патоку, *
так душа мая прагне Цябе, Божа.
3. Душа мая прагне Бога, Бога жывога, *
калі я пайду і з'яўлюся перад Божым абліччам?

Рэфрэн:

3.Пашлі святло Тваё і Тваю праўду, *
няхай яны скіроўваюць мяне
і прывядуць на Тваю святую гару *
і да Твайго жылля.

Рэфрэн:

4. Я прыйду да Божага алтара, *
да Бога радасці і вяселля майго,
і буду славіць Цябе на арфе, *
Божа, мой Божа.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 130 (129), 5 і 7

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Спадзяюся на Пана, давяраю Яго слову,
бо ў Яго міласэрнасць і шчодрае адкупленне.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 4, 24–30
Езус, як Ілля і Елісей, не быў пасланы толькі да юдэяў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус прыйшоў у Назарэт, Ён звярнуўся да людзей у сінагозе: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі замкнёным было неба тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"