Панядзелак — восьмы звычайны тыдзень, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 17, 24–29
Вярніся да Найвышэйшага і пазнай справядлівасць Бога
Пачатак кнігі Мудрасці Сіраха.
Тым, хто каецца, Бог дае навяртанне
і заахвочвае тых, хто губляе цярпенне.
Навярніся да Пана і пакінь грахі,
маліся перад Ім і памяншай правіны.
Вярніся да Найвышэйшага, пакінь несправядлівасць
і моцна ўзненавідзь агіду.
Хто ж будзе праслаўляць Найвышэйшага ў краіне памерлых
замест жывых, якія аддаюць Яму падзяку?
Ад мёртвага, які не існуе, няма і праслаўлення,
жывы і здаровы будзе славіць Пана.
Якая вялікая міласэрнасць Пана,
і прабачэнне для тых, хто навяртаецца да Яго.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 32 (31), 1–2. 5. 6. 7 (Р.: 11а)
Рэфрэн: Весяліцеся ў Пану, справядлівыя.
1. Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне, *
і чый грэх забыты.
2. Шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыў віны, *
і ў душы якога няма подступу.
Рэфрэн:
5. Я вызнаў Табе грэх мой *
і не хаваў сваёй віны.
Я сказаў: Вызнаю Пану мае беззаконні, — *
і Ты зняў з мяне віну граху майго.
Рэфрэн:
6. Таму будзе маліцца да Цябе кожны верны *
ў час адпаведны.
Хоць бы нават разліўся паток, *
воды ўсё адно не дасягнуць яго.
Рэфрэн:
7. Ты — мая абарона, *
захоўваеш мяне ад уціску,
атуляеш мяне *
радасцю выбаўлення.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 8, 9
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 10, 17–27
Прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?
Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.
А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці сваёй.
Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.
А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні