Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Аўторак — сёмы звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 2, 1–11
Падрыхтуй сваю душу да выпрабавання

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Сыне, калі збіраешся служыць Пану,
падрыхтуй сваю душу да выпрабавання.
Зрабі шчырым сэрца сваё і будзь трывалы,
не губляй раўнавагі ў час нядолі.
Прыхіліся да Пана і не адступайся,
каб узвялічаным быць напрыканцы сваіх дзён.
Прымай усё, што цябе спасцігае,
а ў зменлівы час прыніжэння твайго будзь цярплівы.
Бо золата выпрабоўваюць ў агні,
а людзей, прыемных Пану, — у гарніле прыніжэння.
Вер Яму, і Ён падтрымае цябе;
выпрастай шляхі свае і спадзявайся на Яго.
Вы, што баіцеся Пана, чакайце міласэрнасці Яго
і не адхіляйцеся, каб вам не ўпасці.
Вы, што баіцеся Пана, паверце Яму,
і не прападзе вашая ўзнагарода.
Вы, што баіцеся Пана, спадзявайцеся на дабро,
на вечную радасць і міласэрнасць.
Паглядзіце на даўнія пакаленні і ўбачце:
хіба зведаў сорам той, хто верыў у Пана?
Хіба застаўся пакінутым той, хто трываў у боязі Пана?
Хіба пагардзіў Пан хоць некім, хто заклікаў Яго?
Бо Пан літасцівы і міласэрны,
Ён адпускае грахі і ратуе ў час нядолі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 37 (36), 3–4. 18–19. 27–28. 39–40 (Р.: пар. 5)

Рэфрэн: Спадзявайся на Пана, даручы Яму шлях свой.

3.Спадзявайся на Пана і чыні дабро; *
жыві на зямлі і захоўвай вернасць.
4. Радуйся ў Пану, *
і Ён споўніць жаданні твайго сэрца.

Рэфрэн:

18. Пан ведае дні беззаганных, *
і спадчына іх будзе трываць вечна.
19. Не будуць асаромлены ў ліхую часіну, *
і ў дні голаду насычаны будуць.

Рэфрэн:

27. Ухіляйся ад зла і чыні дабро, *
і будзеш жыць навекі.
28. Бо Пан любіць правасуддзе †
і не пакідае сваіх верных, *
яны навекі будуць захаваны,
а патомства бязбожнікаў будзе знішчана.

Рэфрэн:

39. Збаўленне справядлівых паходзіць ад Пана, *
Ён — цвярдыня іхняя ў час уціску.
40. Пан ім дапаможа і ўратуе, †
Ён вызваліць іх ад грэшнікаў і збавіць, *
бо яны на Яго спадзяюцца.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Гал 6, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана,
праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 30–37
Сын Чалавечы аддадзены будзе… Хто хоча быць першым, няхай будзе ўсіх слугою

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а баяліся ў Яго спытацца.

Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Пагоня за веліччу моцна ўкаранёная ў нашых сэрцах. Пра Бога мы таксама думаем у катэгорыях сілы і ўлады. Тым часам Езус указаў на дзяця і сказаў: “Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае”. Езус сам выбраў шлях прыніжэння і пакоры і запрашае на яго таксама сваіх вучняў. Быць найменшым, падобна дзіцяці, — гэта даканца даверыцца Богу, а нават сярод перашкодаў. Гэта прытуліцца да Езуса, не шукаць пашаны і, падобна Езусу, быць гатовым у супакоі сэрца і з цярплівасцю прыняць усё, да чаго нас пакліча Айцец.

Разважанні Малгажаты Канарскай, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч