Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

VII Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 19, 1–2. 17–18
Любі бліжняга свайго, як самога сябе

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

Звярніся да ўсяго сходу сыноў Ізраэля і скажы ім: будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш.

Не будзеш ненавідзець брата свайго ў сэрцы сваім. Настаўляй яго, каб не мець граху з-за яго. Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго. Любі бліжняга свайго, як самога сябе. Я — Пан.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8 і 10. 12–13 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не паступае з намі паводле грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфрэн:

12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 11 Кар 3, 16–23
Усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.

Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым ў гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана: Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй. І яшчэ: Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя.

Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Ян 2, 5

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хто захоўвае слова Хрыста,
у тым сапраўды любоў Божая дасканалая.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 38–48
Любіце ворагаў вашых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Стаць Божым сынам

Талмуд кажа, што дар дажджу большы, чым дар Торы, бо яна была дадзена толькі ізраэльцянам, затое дождж сваімі межамі ахоплівае ўсіх людзей. Калі мы ўсвядомім, наколькі важная для габрэяў Тора, першыя пяць кніг Святога Пісання, то зразумеем значэнне гэтых слоў. Яны дасканала перадаюць заклік Езуса з сённяшняга Евангелля да таго, каб любіць усіх людзей. Бог з’яўляецца добрым і сваёй любоўю ахоплівае ўсё стварэнне. Мы пакліканыя да таго, каб наследваць Яго ў гэтай любові. Езус не кажа, што гэта будзе проста, але запэўнівае нас, што такім чынам мы будзем сынамі Айца, Які ў небе. Будзем жа помніць аб гэтым закліку кожны раз, калі вымаўляем словы малітвы Панскай.

Пане Езу, Ты прагнеш, каб мы наследвалі Цябе ў любові. Дапамажы нам пераадольваць усё тое, што нас на яе закрывае.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч