Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — шосты звычайны тыдзень, год І

 ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 6, 5–8; 7, 1–5. 10
Сатру з паверхні зямлі чалавека, якога стварыў

Чытанне кнігі Быцця.

Убачыў Пан, што вялікае зло людзей на зямлі і што ўсе задумы сэрцаў іхніх увесь час скіраваны толькі на зло. І пашкадаваў Пан, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуцілася Ягонае сэрца. І сказаў Пан: Я сатру з паверхні зямлі чалавека, якога стварыў; як чалавека, так і жывёл, паўзуноў і птушак нябесных, бо шкада Мне, што Я стварыў іх.

Толькі Ной знайшоў ласку ў вачах Пана. І Пан сказаў Ною: Увайдзі ты і ўвесь дом твой на каўчэг, бо Я ўбачыў, што адзін ты справядлівы перада Мною сярод гэтага пакалення. З усіх чыстых жывёл вазьмі па сем пар самцоў і самак; з нячыстых жывёл — па дзве пары самцоў і самак. А з птушак нябесных — па сем пар самцоў і самак, каб захавалася іх патомства для ўсёй зямлі. Бо праз сем дзён Я спашлю на зямлю дождж на сорак дзён і сорак начэй, і сатру з паверхні зямлі кожную жывую істоту, якую стварыў Я.

Ной зрабіў усё, што загадаў яму Пан. І праз сем дзён воды патопу хлынулі на зямлю.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 29 (28), 1а і 2. 3аc–4. 3b і 9b–10 (Р.: 11b))

Рэфрэн: Пан благаслаўляе свой народ спакоем.

1. Аддайце Пану, сыны Божыя, *
аддайце Пану хвалу і слаўце Яго магутнасць.
2. Аддайце хвалу імені Ягонаму, *
у святыні праслаўляйце Пана.

Рэфрэн:

3. Голас Пана па-над водамі, *
Пан над водамі вялікімі!
4.Голас Пана моцны; *
голас Пана поўны велічы.

Рэфрэн:

3. Загучаў Бог велічы, *
9. і кожны ў святыні Ягонай кажа: Хвала.
10. Пан прабываў над патопам, *
Пан як Валадар трываць будзе вечна.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 23

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 14–21
Сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чаўне толькі адзін бохан хлеба. Тады Езус загадаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада. А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба.

Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: Чаму разважаеце, што не маеце хлеба? Няўжо не заўважаеце і не разумееце? Ці яшчэ зацвярдзелыя сэрцы вашы? Маеце вочы, і не бачыце; маеце вушы, і не чуеце? Ці не памятаеце, калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Яны адказалі Яму: Дванаццаць.

А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Адказалі Яму: Сем. І сказаў ім: Усё яшчэ не разумееце?

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Бог прамаўляе да кожнага на яго ўласнай мове. Гэта зразумелі святыя Кірыл і Мятод, апосталы славян з IX стагоддзя, якія насуперак пануючай традыцыі цэлебрацыі Літургіі толькі на лацінскай і грэцкай мовах, пераклалі Святое Пісанне і літургічныя кнігі на славянскую мову, стварыўшы для гэтага спецыяльны алфавіт. Папа Адрыян ІІ убачыў плёны іх працы і падтрымаў здзейсненую справу сваім аўтарытэтам. Молімся, каб мы таксама былі гатовыя шанаваць іншых і шукаць новыя творчыя шляхі, каб даваць сведчанне аб Езусе.

Разважанні Міры Майдан „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць