Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота — пяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 9–24
Выгнаў Пан Бог яго з эдэмскага саду, каб ён апрацоўваў зямлю

Чытанне кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, таму схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

А жанчыне сказаў: Памножу цярпенні твае ў тваёй цяжарнасці, у муках будзеш нараджаць патомства, да мужа твайго будзе скіравана прагненне тваё, а ён будзе панаваць над табою.

Адаму ж Бог сказаў: За тое, што ты паслухаў голас сваёй жонкі і еў з таго дрэва, з якога Я загадаў табе не есці, кажучы: не еш з яго, — праклятая будзе зямля праз цябе, у цяжкай працы будзеш здабываць ежу з яе ва ўсе дні жыцця свайго. Церні і асот яна будзе табе расціць, і ты будзеш есці палявыя травы. У поце аблічча свайго будзеш спажываць хлеб, пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты пылам ёсць і ў пыл вернешся.

І назваў Адам жонку сваю Евай, бо яна стала маці ўсіх жывых.

Пан Бог зрабіў Адаму і ягонай жонцы адзенне са скураў і апрануў іх. Тады сказаў Пан Бог: Вось чалавек стаў такім, як адзін з Нас, пазнаўшы дабро і зло. Каб цяпер не працягнуў рукі сваёй і не ўзяў таксама плод з дрэва жыцця, і каб не з’еў яго, і не жыў навекі. І выгнаў Пан Бог яго з саду Эдэн, каб ён апрацоўваў зямлю, з якой быў узяты. Выгнаў Ён Адама, а на ўваходзе ў эдэнскі сад паставіў Херубімаў і мільгаючае вастрыё мяча, каб сцерагчы шлях да дрэва жыцця.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 90 (89), 2. 3–4. 5–6. 12–13 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пане, Ты наш прытулак з пакалення ў пакаленне.

2. Перш, чым нарадзіліся горы, *
перш, чым Ты стварыў зямлю і сусвет,
спрадвеку і навекі *
Ты ёсць Богам.

Рэфрэн:

3. Ты вяртаеш чалавека ў пыл і кажаш: *
Вяртайцеся сыны Адама.
4. Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі, †
як дзень учарашні, які мінуў, *
або як адна начная варта.

Рэфрэн:

5. Нібы разводдзем іх змываеш, †
яны становяцца нібы ранішні сон, *
як трава, што расце:
6. раніцай цвіце і зелянее, *
а ўвечары вяне і сохне.

Рэфрэн:

12. Навучы нас так лічыць дні нашыя, *
каб мы здабылі мудрасць сэрца.
13. Вярніся, Пане, колькі ж яшчэ? *
Пашкадуй слугаў сваіх!

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 4, 4b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але ўсялякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 1–10
І яны елі, і насыціліся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У тыя дні:

Да Езуса зноў сабраўся вялікі натоўп, і не было ім чаго есці. Тады Ён паклікаў вучняў сваіх і сказаў ім: Шкада мне народу, бо ўжо тры дні знаходзяцца са Мною, а не маюць чаго есці. І калі адпраўлю іх дадому галоднымі, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк.

І адказалі Яму вучні Ягоныя: Адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні? Ён спытаўся ў іх: Колькі маеце хлябоў? Яны адказалі: Сем.

Тады загадаў людзям сесці на зямлю. І ўзяўшы сем хлябоў, і падзякаваўшы, паламаў іх і даў вучням сваім, каб раздавалі. І яны раздалі людзям. І мелі некалькі рыбак. І благаславіў іх, і загадаў раздаць. І яны елі, і насыціліся, і набралі сем кашоў кавалкаў, што засталіся. А тых, хто еў, было каля чатырох тысяч. І адпусціў іх. Тады адразу з вучнямі сваімі ўвайшоў у човен, і прыбыў у дальмануцкі край.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Пан Бог увесь час звяртаецца да нас з пытаннем: Дзе ты? А мы ў адпаведны нашай натуры спосаб укрываемся перад Ім і не давяраем Яго міласэрнай любові. У той час Бог не адмаўляецца ад нас: Езус клапоціцца пра нас, галодных і аслаблых у дарозе. Ён корміць нас дасыта, не абы-якім пажыткам, але самім Сабою. Таксама ў гэтай Эўхарыстыі дае нам спажываць жыццядайны пакарм – Сваё Цела і Кроў.

Малгажата Канарска, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч