Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак — пяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 1, 1–19
І сказаў Бог... І так сталася

Чытанне кнігі Быцця.

На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля ж была бязладдзем і пустэчаю, і цемра была над паверхняй бездані, і Дух Божы лунаў над водамі.

І сказаў Бог: Няхай станецца святло. І сталася святло. І ўбачыў Бог святло, што яно добрае, і аддзяліў Бог святло ад цемры. І назваў Бог святло днём, а цемру назваў ноччу.

І быў вечар, і была раніца, дзень першы.

І сказаў Бог: Няхай станецца скляпенне пасярод водаў, і няхай яно аддзеліць воды ад водаў. І ўчыніў Бог скляпенне, і аддзяліў воды, што пад скляпеннем, ад водаў, што над скляпеннем. І так сталася. І назваў Бог скляпенне нябёсамі.

І быў вечар, і была раніца, дзень другі.

І сказаў Бог: Няхай збяруцца воды, што пад нябёсамі, у адно месца, і няхай з’явіцца суша. І так сталася. І назваў Бог сушу зямлёю, а збор водаў морам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. Сказаў Бог: Няхай зямля выдасць зеляніну, траву, што рассявае насенне, і пладовае дрэва, што дае плод паводле гатунку свайго, у якім насенне яго. І так сталася. І выдала зямля зеляніну, траву, што рассявае насенне паводле гатунку свайго, і дрэва, што дае плод, у якім насенне паводле гатунку яго. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І быў вечар, і была раніца, дзень трэці.

І сказаў Бог: Няхай стануцца свяцілы на нябесным скляпенні, каб аддзялілі дзень ад ночы, каб вызначалі пэўныя часы, дні і гады.

Няхай стануцца яны свяціламі на нябесным скляпенні, каб асвятляць зямлю. І так сталася. І ўчыніў Бог два свяцілы вялікія: свяціла большае, каб кіравала днём, і свяціла меншае, каб кіравала ноччу, і зоркі. І змясціў іх Бог на нябесным скляпенні, каб асвятляць зямлю і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць святло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І быў вечар, і была раніца, дзень чацвёрты.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 104 (103), 1–2а. 5–6. 10 і 12. 24 і 35c (Р.: 31b)

Рэфрэн: Няхай Пан радуецца справам сваім.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу. *
2. Ты ахінуўся святлом, быццам шатай. *

Рэфрэн:

5. Ты ўмацаваў зямлю на яе асновах, *
не пахіснецца яна ніколі.
6. Безданню, як вопраткай, пакрыў яе, *
па-над горамі ўзніклі воды.

Рэфрэн:

10. Ты крыніцы пасылаеш у даліны, *
паміж гор цякуць яны.
12. Над імі жывуць птушкі нябесныя *
і сярод лісця спяваюць.

Рэфрэн:

24. Незлічоныя, Пане, Твае справы. *
Усё Ты мудра стварыў,
зямля напоўнілася Тваімі стварэннямі. *
35. Благаславі, душа мая, Пана!

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 4, 23

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве
і лячыў усялякую хваробу ў людзей.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 6, 53–56
Тыя, хто дакранаўся да Яго, выздараўлівалі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і вучні Ягоныя, пераправіўшыся на другі бераг, прыбылі ў Генэзарэт і прысталі да берага.

Калі яны выйшлі з чаўна, людзі адразу, пазнаўшы Яго, аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся. І куды Ён ні прыходзіў, у вёскі, ці ў гарады, ці ў мястэчкі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб яны маглі дакрануцца хоць да краю плашча Ягонага. І тыя, хто дакранаўся да Яго, выздараўлівалі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Разпазнаць Езуса

У паставе жыхароў ваколіцы возера Генэзарэт, да якіх прыбыў Езус, здзіўляе некалькі момантаў. Ужо толькі тое, што яны распазналі Езуса. І тут не ідзе гаворка пра толькі само пазнанне Яго, але пра распазнанне таго, што Ён з’яўляецца тым, да каго варта прыйсці. Аднак жа ў першую чаргу замест таго, каб прыйсці да Яго, разбегліся па ўсёй ваколіцы, каб прывесці да Яго хворых, якія патрабуюць аздараўлення. У іх атрымалася перамагчы ўласны эгаізм і жаданне заспакоіць цікаўнасць сустрэчы з гэтым надзвычайным Настаўнікам. І хоць гэты кароткі фрагмент Евангелля галоўным чынам скіроўвае ўвагу на аздараўленні, аднак не можа схаваць сапраўдную руплівасць, з якой мясцовае насельніцтва збіралася вакол Езуса. Ён стаў цэнтральным пунктам для жыхароў, якія сапраўды распазналі, што Настаўніка варта слухаць і ісці за Ім.

Пане Езу, Добры Настаўнік, учыні, каб мы ўмелі перамагаць уласны эгаізм і Цябе ставілі ў цэнтры нашага жыцця.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

 

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч