Аўторак II звычайнага тыдня, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 6, 10–20
Гэтая надзея для нас, нібы якар душы, надзейны і моцны
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Бог не з’яўляецца несправядлівым, каб забыцца пра вашую працу і любоў, якую вы засведчылі ў імя Ягонае падчас мінулага і цяпершняга служэння святым. Таму жадаем, каб кожны з вас да канца засведчыў такую самую руплівасць у дачыненні да паўнаты надзеі, каб вы не разленаваліся, але наследавалі тых, хто праз веру і доўгацярплівасць атрымлівае ў спадчыну абяцанні. Бо, даўшы абяцанне Абрагаму, Бог не мог паклясціся нікім большым, і таму пакляўся самім сабою, кажучы: Сапраўды благаслаўлю цябе і памножу цябе. А паколькі той цярпліва чакаў, атрымаў абяцанае. Бо людзі клянуцца нечым большым, і заканчэнне кожнай сваёй спрэчкі яны падмацоўваюць клятвай.
Таму і Бог, жадаючы яшчэ больш выразна паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць сваёй волі, пацвердзіў яго клятвай, каб дзякуючы дзвюм нязменным рэчам, у якіх не можа Бог зманіць, мы, якія прыбеглі схапіцца за прапанаваную надзею, мелі цвёрдую заахвоту. Гэтая надзея для нас, нібы якар душы, надзейны і моцны, які пранікае ўнутр па-за заслону, куды як папярэднік увайшоў за нас Езус, навекі стаўшы Першасвятаром на ўзор Мельхізэдэка.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 111 (110), 1–2. 4–5. 9 і 10с (Р.: 5b)
Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.
Або: Аллелюя.
1. Буду славіць Пана ўсім сваім сэрцам *
у коле праведных і на сходзе.
2. Вялікія справы Пана, *
жаданыя для ўсіх, хто іх любіць.
Рэфрэн:
4. Учыніў памятнымі свае цуды *
ласкавы і міласэрны Пан.
5. Спажытак дае тым, хто Яго баіцца, *
навекі памятае пра свой запавет.
Рэфрэн:
9. Ён адкупленне спаслаў свайму народу, *
навекі ўстанавіў свой запавет.
Ягонае імя святое і грознае. *
10. Хвала Яго будзе трываць вечна.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Эф 1, 17–18
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста,
асветліць вочы сэрца вашага,
каб мы ведалі, у чым надзея нашага паклікання.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 2, 23–28
Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: Глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, што не дазволена?
Ён сказаў ім: Няўжо вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў разам з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?
І сказаў ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні