Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

3 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 29 — 3, 6
Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто паступае справядліва, народжаны ад Яго.

Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі. Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя! Цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць. І кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны.

Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, бо грэх — гэта беззаконне. Вы ведаеце, што Ён аб’явіўся дзеля таго, каб забраць грахі, у Ім жа няма граху.

Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць, а кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 98 (97), 1. 3сd–4. 5–6 (Р.: 3c)

Рэфрэн: Убачылі ўсе збаўленне Бога нашага.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

3. Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:

5. Грайце Пану на гуслях, *
на гуслях і на арфе.
6. Пад гучанне трубаў і рога *
радасна ўсклікайце перад Панам і Валадаром.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 1, 14а. 12а

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова сталася целам і пасялілася між намі.
А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 1, 29–34
Вось Ягнё Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

На другі дзень убачыў Ян Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю.

І сведчыў Ян, кажучы: Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым. І я бачыў і засведчыў, што Ён Сын Божы.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Запрошаныя, каб сведчыць

Нашае заданне тут на зямлі – гэта як мага больш поўна наследваць Езуса. Мы павінны сведчыць пра Яго сваімі ўчынкамі, кажучы прасцей, сваім праведным жыццём, згодным з Божымі наказамі. Мы таксама запрошаныя казаць пра Езуса. Не адзін раз гэта здавалася вельмі цяжкім. Асабліва ў такіх месцах, якія лічацца свецкімі: праца, школа, месцы адпачынку. Мы нават не ведаем, з чаго можам распачынаць размову пра Яго. Мы баімся незразумення, а нават высмейвання. Не будзем жа ставіць на першае месца страх. Адкрыемся на Святога Духа, а Ён навучыць нас, як сведчыць пра Езуса.

Учыні мяне, Пане, Тваім сведкам. Адкрый маё сэрца на дзеянне Святога Духа і аддалі ад мяне ўсю боязь, звязаную з публічным вызнаваннем Цябе.

Разважанні кс. Марывуша Краўца SSP
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Божае Нараджэнне, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць