Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

27 снежня — свята св. Яна, апостала і евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 1, 1–4
Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам

Пачатак Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. І гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 97 (96), 1–2. 5–6. 11–12 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Радуйцеся ў Пану справядлівыя.

1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Воблака і цемра вакол Яго, *
справядлівасць і права — аснова Ягонага трону.

Рэфрэн:

5. Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Рэфрэн:

11. Святло ззяе для справядлівага, *
і радасць — для праведных сэрцам.
12. Радуйцеся справядлівыя ў Пану *
і дзякуйце Яму на ўспамін Ягонай святасці.

Рэфрэн

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Цябе, Божа, праслаўляем; вызнаём Цябе, Пане,
слаўны хор апосталаў Цябе ўсхваляе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 20, 2–8
Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена пабегла і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у грабніцу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Каб мы ўбачылі і паверылі

Ян не расставаўся з Езусам, але заўсёды быў блізка каля Яго і быў Яму верны даканца. Нічога дзіўнага, што на вестку пустой магілы ён пабег туды ў велікодную раніцу. Любоў не дазваляе любімаму вучню пасіўна сядзець у Вячэрніку. Таму ён пабег да месца, дзе развітаўся з Настаўнікам. Больш таго, любоў дала Яну моц, каб ён прыбег першы ў адзінай у сваім родзе мэты, дзе ўбачыў і паверыў. Узнагародай было не толькі агляданне пустой магілы (дасвядчэнне праўды), але і вера (дасвядчэнне веры). Ян пераказвае нам гэту ласку і праўду, каб мы таксама ўбачылі і паверылі. Паверылі той любові, якой нас палюбіў Бог, а пасля сведчылі пра яе ў адносінах да ўсіх людзей.

Пане, у гэтых днях я бягу да яслей, каб углядацца ў Тваю любоў, аб’яўленную ў Нованароджаным. Гляджу такім чынам, каб убачыць і паверыць, і сведчыць пра Цябе.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Свята, Святыя, Божае Нараджэнне

Друкаваць

  • Студзень
    2018

    Тэатр Зніч

  • У Мінску пройдзе малітоўна-музычная сустрэча, прысвечаная памяці Адама Міцкевіча

    Штогод 24 снежня ля помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску ў аднайменным скверы праходзяць «Калядныя сустрэчы», прысвечаныя памяці паэта і патрыёта сваёй Айчыны, які нарадзіўся менавіта ў гэты дзень. Сёлета таксама да ўдзелу ў імпрэзе запрашаюцца ўсе жадаючыя.

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.