Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

21 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Пп 2, 8–14
Вось каханы мой ідзе, скача па гарах

Чытанне Песні песняў Саламона.

Голас каханага майго!
Вось ён ідзе, скача па гарах, пераскоквае пагоркі.
Любы мой падобны да сарны,
да маладога аленя.
Вось ён стаіць
за нашай сцяною, глядзіць у акно,
заглядвае праз краты.
Адгукнуўся каханы мой і сказаў мне:
Устань, любая мая, прыгожая мая, і выйдзі!
Вось зіма ўжо мінула;
прайшоў дождж і сціх.
Кветкі з’явіліся на зямлі;
прыйшоў час спеваў,
і голас галубкі чутны ў нашай краіне.
Смакоўніца ўжо напоўніла сокам свае плады,
і квітнеючыя вінаградныя лозы прыемна пахнуць.
Устань, каханая мая, прыгожая мая, і выйдзі!
Галубка мая, схаваная ў расколіне скалы, пад аховаю ўцёса,
пакажы мне аблічча сваё,
дай мне пачуць голас твой,
бо голас твой салодкі і аблічча тваё прыгожае.

Гэта слова Божае.

Альбо:

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Саф 3, 14–18а
Пан, Кароль Ізраэля, сярод цябе

Чытанне Кнігі прарока Сафоніі.

Радуйся, дачка Сіёна!
Трыумфуй, Ізраэль!
Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!
Адмяніў Пан прысуд над табою,
прагнаў ворага твайго!
Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе:
ужо больш не ўбачыш зла.
У той дзень скажуць Ерузалему:
Не бойся! — і Сіёну:
Няхай жа не слабнуць рукі твае!
Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!
Будзе вельмі радавацца табе,
узрушаны ў любові сваёй,
будзе цешыцца табою ў весялосці,
як у святочны дзень.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 33 (32), 2–3. 11–12. 20–21 (Р.: 1а і 3а)

Рэфрэн: Радуйцеся ў Пану, спявайце Яму новую песню.

2. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.
3. Спявайце Яму новую песню, *
прыгожа грайце Яму і гучна.

Рэфрэн:

11. Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.
12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.

Рэфрэн:

20. Душа наша чакае Пана: *
Ён — дапамога і абарона наша.
21. Радуецца ў Ім нашае сэрца, *
на Яго святое імя мы спадзяёмся.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Эммануэль, наш Валадар і Заканадаўца,
прыйдзі нас збавіць, наш Пане і Божа.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 39–45
Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Дзяліцца радасцю

Марыя спяшаецца і нясе ў сваім улонні Езуса. Яна прагне такім чынам падзяліцца Добрай Навіной і адначасова дапамагчы сваёй старэйшай сваячніцы. Яе дарога праз горныя ваколіцы каля Ерузалема прыпамінае перанясення Аркі Запавету ў часы Давіда. Марыя з’яўляецца свайго роду манстранцыяй, дзякуючы якой можна адчуць прысутнасць Збавіцеля. Альжбета цешыцца, распазнаючы ў Марыі Маці Пана. Гэта радасць напаўняе ўсё яе нутро і перадаецца таксама дзіцяці. Яно ўзварухнулася, а дакладней затанцавала з радасці. Напэўна ў гэтыя апошнія дні перад святам і мы рухаемся альбо танчым вакол розных спраў, пакупак, навядзення парадкаў. А ці ў гэтай бегатні нашае сэрца радуецца ў Богу?

Пане, Твая Маці вучыць мяне, што атрыманай ад Цябе радасцю трэба дзяліцца з іншымі. На сваёй штодзённай дарозе прагну быць знакам Тваёй прысутнасці, каб несці радасць і супакой.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"