Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

20 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 10–14
Вось Дзева зачне і народзіць Сына

Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

У тыя дні:

Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль!

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24 (23), 1–2. 3–4аb. 5–6. (Р.: 7c і 10b)

Рэфрэн: Прыйдзе наш Пан, Валадар Ён славы.

1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.

Рэфрэн:

3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.

Рэфрэн:

5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ключ Давіда, які адчыняеш брамы вечнага Валадарства,
прыйдзі і выведзі з вязніцы палонных, якія сядзяць у цемры.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 26–38
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.

А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

“Пан з Табою”. Словы, якія арханёл Габрыэль сказаў Марыі падчас Звеставання, спаўняюцца ўжо не толькі для Яе. Усё адвэнтавае чаканне вядзе нас да сустрэчы з Богам, які ў Езусе назаўсёды стаў “Богам з намі”. Гэтыя словы мы чуем шмат разоў, але яны надалей застаюцца таямніцай, якую трэба адкрываць. Бо ўвесь час, калі парушаюцца нашыя жыццёвыя планы, калі чарговы раз мы з сорамам бачым сваю схільнасць да зла і фальшу, нараджаюцца сумненні. Тады варта прыпомніць сабе іншыя словы арханёла. Ён таксама сказаў: “Не бойся!”.

Войцех Чвіхоцкі OP, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.