Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

19 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Суд 13, 2–7. 24–25а
Анёл прадказвае нараджэнне Самсона

Чытанне Кнігі Суддзяў.

У тыя дні:

Быў чалавек адзін з Сараа, з пакалення Дана па імені Маноах. Жонка ягоная была бясплодная і не магла нарадзіць. І з’явіўся жонцы анёл Пана і сказаў ёй: Вось ты бясплодная і не можаш нарадзіць, але зачнеш і народзіш сына. Таму цяпер будзь асцярожнай, не пі віна і хмяльнога напою і не спажывай нічога нячыстага. Бо ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не дакранецца да галавы ягонай, бо хлопец гэты будзе Божым назірэем ад самага ўлоння. І ён пачне выбаўляць Ізраэль з рук філістымлянаў.

Пайшла жонка і сказала мужу свайму: Чалавек Божы прыходзіў да мяне, і выгляд яго быў, як выгляд Божага анёла, поўны велічы. І я не спытала ў яго, адкуль ён, і ён не назваў мне імені свайго. Ён сказаў мне: Вось ты зачнеш і народзіш сына; таму не пі віна і хмяльнога напою, і не спажывай нічога нячыстага, бо хлопец гэты будзе Божым назірэем ад самага ўлоння аж да сваёй смерці.

І нарадзіла тая жанчына сына, і дала яму імя Самсон. Рос хлопец той, і благаслаўляў яго Пан. А Дух Пана пачаў дзейнічаць у ім.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 71 (70), 3–4а. 5–6аb. 16–17 (Р.: пар. 8аb)

Рэфрэн: Буду я славіць веліч Тваю, Пане.

3. Будзь мне скалою прыстанішча, *
дзе я мог бы заўсёды схавацца.
Ты загадаў уратаваць мяне, †
бо Ты — скала мая і мая цвярдыня. *
4. Божа мой, вызвалі мяне з рук бязбожнага.

Рэфрэн:

5. Бо Ты — мая надзея, Божа мой, Пане,*
Ты спадзяванне маё з маладосці маёй.
6. На Цябе абапіраюся я ад улоння, *
з улоння маці Ты вывеў мяне.

Рэфрэн:

16. Раскажу пра моц Бога, *
узгадаю Тваю справядлівасць, толькі Тваю.
17. Божа, Ты вучыў мяне з маладосці маёй, *
і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Корань Есэя, які стаіш, як знак для народаў,
больш не спазняйся, прыйдзі нас збавіць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 5–25
Арханёл Габрыэль прадказвае нараджэнне Яна Хрысціцеля

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар па імені Захарыя, з роду Абія. Жонка ягоная была з роду Аарона; і было імя яе Альжбета. Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце.

Калі Захарыя па вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.

І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго.

Анёл жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян. І будзе табе радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. І многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. І пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы. І сказаў Захарыя анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце.

І сказаў анёл яму ў адказ: Я, Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе добрую вестку. І вось будзеш ты маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.

Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі ён выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што меў аб’яўленне ў святыні. Ён жа гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.

А калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом. Пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, і казала: Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Бог з’яўляецца апекуном ужо ад улоння маці

Захарыю была абвешчана радасная навіна аб зняцці ганьбы бяздзетнасці. Напачатку яму было цяжка гэта прыняць, за што яго напаткала часовая кара. Але дзеянне Бога можа ўчыніць нашмат больш, чым чалавек у стане сабе ўявіць. Абвешчаны анёлам сын Захарыя – гэта Ян Хрысціцель. Ён быў напоўнены Духам Святым. Яму была даверана канкрэтная місія пайсці ў духу і моцы Іллі, каб падрыхтаваць народ да прыйсця Месіі. Таму тыя, хто павераць яму, шчыра ўзрадуюцца, стануць сведкамі спаўнення Божых абяцянняў, якіх чакалі вякамі, і будуць збаўленыя. Такім чынам Бог аб’яўляецца ўсім людзям як апора і апякун ужо ад улоння маці.

Езу, Тваё прыйсце папярэдзілі падзеі, якія аб’явілі любоў Бога. Сёння Ты таксама даеш мне знакі, каб я не баяўся. З верай прымаю іх і рыхтую сваё сэрца да сустрэчы з Табою.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч