Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

ІII Нядзеля Адвэнту, Год A

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 1–6а. 10
Сам Бог прыйдзе і збавіць вас

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,
і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.
Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,
і радавацца будзе, і спяваць.
Слава Лібану будзе дадзена яму,
гонар Кармэлю і Сарону.
Яны ўбачаць славу Пана,
веліч нашага Бога.
Умацуйце слабыя рукі,
узмацніце дрыжачыя калені.
Скажыце маладушным:
Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.
Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.
Выбаўленыя Панам вернуцца
і прыйдуць на Сіён з радасным спевам,
і вечная радасць акрые іх галовы.
Вяселле і радасць напоўніць іх,
а журба і стогны знікнуць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 146(145), 6с–7. 8–9а. 9bc–10 (Р.: пар. Іс 35, 4)

Рэфрэн: Прыйдзі, о Пане, каб усіх нас збавіць.
Альбо: Аллелюя

6. Бог навекі захоўвае вернасць. *
7. Справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.

Рэфрэн:

8. Пан вочы сляпым адкрывае, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
9. Пан абараняе чужаземцаў.

Рэфрэн:

Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
10. Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Як 5, 7–10
Умацуйце сэрцы вашыя, бо набліжаецца прыйсце Пана

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. Будзьце цярплівымі і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана.

Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі: вось Суддзя стаіць пры дзвярах. За прыклад цярплівасці і велікадушнасці вазьміце, браты, прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Іс 61, 1 

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 2–11
Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытаць Яго: Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага? І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавы ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне.

Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Шчаслівы, хто не будзе сумнявацца ў Хрысце

Словы Езуса, якія былі адказам для Яна, вельмі важныя і актуальныя для нас. Таму што гэта словы для нас і пра нас. Для нас, бо ўзмацняюць нас у цярплівасці, якая выратавальная. У сітуацыях, калі нам здаецца, што мы адныя, як Ян Хрысціцель у вязніцы, і занадта слабыя, каб распачаць працу навяртання, мы павінны памятаць, што шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ў Хрысце. Гэта таксама словы пра нас, бо і нам абвяшчаецца Добрая Навіна, а дзякуючы аздараўляльнай моцы сакрамэнтаў нашае завялае па прычыне граху жыццё набірае свежасць і ў поўні расквітае. Гэта адбудзецца тады, калі мы пакорна і цярпліва станем у шэрагу ўбогіх, сляпых і глухіх, каб як найменшыя тут, на зямлі, атрымаць вечную хвалу ў небе.

Хрысце, Які прыходзіш, каб вызваліць нас з нашай слабасці і вывесці з цемры, да Цябе прыходжу, каб не быць самотным, у Цябе шукаю зразумення, любові і дабра.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Адвэнт, Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • Студзень
    2018

    Тэатр Зніч

  • У Мінску пройдзе малітоўна-музычная сустрэча, прысвечаная памяці Адама Міцкевіча

    Штогод 24 снежня ля помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску ў аднайменным скверы праходзяць «Калядныя сустрэчы», прысвечаныя памяці паэта і патрыёта сваёй Айчыны, які нарадзіўся менавіта ў гэты дзень. Сёлета таксама да ўдзелу ў імпрэзе запрашаюцца ўсе жадаючыя.

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.