Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

30 лістапада — свята св. Андрэя, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 10, 9–18
Вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Калі вы вуснамі сваімі будзеце вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеце збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення. Пісанне ж кажа: Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены. І няма розніцы паміж юдэем і элінам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча. Бо кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.

Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі іх не пашлюць? Як напісана: Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае добрыя навіны. Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа: Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Таму вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае. Але я кажу: Хіба не пачулі яны? Наадварот, па ўсёй зямлі прайшоў іхні голас і іхнія словы да краёй свету.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 2–3. 4–5 (Р.: 5а)

Рэфрэн: Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас.

2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.

Рэфрэн:

4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 4, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ідзіце за Мной, — кажа Пан, —
і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 4, 18–22
Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім.

А калі пайшоў адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата ягонага, якія ў чаўне з бацькам іхнім Зэбэдэем правілі свае сеткі. І Ён паклікаў іх. Яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго, і пайшлі за Ім.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Ці словы простага чалавека, які жыве з працы сваіх рук, могуць мець нейкае значэнне? У свята апостала Андрэя, рыбака з Галілеі, мы спяваем рэфрэн псальму: “Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас”. Калі мы аддаём сябе Езусу, мы павінны, як апостал Андрэй, быць гатовымі пакінуць сваю лодку і ісці туды, куды будзем пасланыя. Аднак часта мы разумеем, што Езус патрабуе нас якраз разам з “лодкай” нашай прафесіі, нашай сямейнай сітуацыі, каб Яго голас мог расходзіцца таксама ў нашым асяроддзі і дасягаць сэрцы тых, каго прагне лавіць для Нябеснага Валадарства.

Міра Майдан, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Святыя, Разважанні, Адвэнт

Друкаваць