Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 5, 1–3
Намасцілі Давіда на караля Ізраэля
Чытанне Другой кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Усе плямёны Ізраэля прыйшлі да Давіда ў Хэброн і сказалі: Вось мы косць твая і цела тваё. І ўчора, і яшчэ даўней, калі Саўл панаваў над намі, ты быў правадыром Ізраэля. І сказаў Пан табе: Ты будзеш пасвіць народ Мой Ізраэля і ты будзеш кіраўніком Ізраэля.
І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля ў Хэброн, і кароль Давід заключыў з імі запавет у Хэброне перад Панам; і намасцілі Давіда на караля Ізраэля.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 122 (121), 1–2. 4–5 (Р.: пар. 1)
Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.
3. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
Пойдзем у дом Пана.
4. Вось стаяць нашыя ногі *
ў брамах тваіх, Ерузалем.
Рэфрэн:
Туды ўзыходзяць пакаленні, пакаленні Пана, *
каб, паводле сведчання Ізраэля, праслаўляць імя Пана.
5. Там стаяць судовыя троны, *
троны дому Давіда.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 12–20
Прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Мы дзякуем Богу і Айцу, які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго, у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў. Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён — Галава Цела, гэта значыць Касцёла. Ён — пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 11, 9–10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда,
якое надыходзіць!
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 23, 35–43
Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам. Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога.
І быў над Ім надпіс: Гэта Кароль юдэйскі.
Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас. А другі ў адказ дакараў яго і казаў: Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў. І сказаў: Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства.
Езус адказаў яму: Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Ён валадарыць любоўю;
Кожнае зямное валадарства прамінае, кожная зямная моц знікае, а Хрыстус Валадар жыве, і ўсё ў Ім існуе. Ён валадарыць не загадамі і законамі, а любоўю. Таму Езус прагне, каб усе былі ў Яго валадарстве і Сваім Словам уводзіць у яго таго, хто шчыра навяртаецца. Езус мае ўладу, але аб’яўляе яе як нявольнік, ахвяраваны за кожнага з нас, бо Яго валадарства не з гэтага свету. Доказам Яго ўлады і любові з’яўляюцца словы: Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі. Хрыстус Валадар цярпліва чакае кожнага з нас на Крыжы, каб мы пачалі прагнуць Яго кіравання. Цярпліва, бо Ён адрозніваецца ад усіх іншых уладароў. Яшчэ ў гадзіну смерці Ён дае кожнаму з нас шанс навярнуцца
Хрыстэ, нават у гадзіну смерці Ты шукаеш заблуканую авечку і прыводзіш яе ў аўчарню. Такая ёсць Твая поўная любові каралеўская ўлада. Дзякуючы ёй, адкрываеш брамы Валадарства.
Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Урачыстасць, Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні