Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 11, 4–12 
Два прарокі гэтыя мучылі жыхароў зямлі

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Сказана мне, Яну:

Два дрэвы аліўныя і два светачы, што стаяць перад Панам зямлі, – гэта два мае сведкі. І калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іхніх і паглыне ворагаў іхніх. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, той павінен быць забіты такім чынам.

Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякай пошасцю, калі толькі захочуць.

І калі скончаць яны сведчанне сваё, звер, які выходзіць з бездані, пачне бітву з імі, і пераможа іх, і заб’е іх. І трупы пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе і Пан іх быў укрыжаваны. І многія з плямёнаў, і родаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на іх трупы тры с паловаю дні і не дазволяць пакласці ў магілу. Жыхары зямныя будуць радавацца над імі і весяліцца, і будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі жыхароў зямлі.

Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. І вялікі страх ахапіў тых, хто на іх глядзеў. І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: Узыдзіце сюды. І яны ўзышлі на неба ў воблаку, і глядзелі на іх ворагі іхнія.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 144 (143), 1. 2. 9–10 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, мая цвярдыня.

1. Благаслаўлёны Пан, *
мая цвярдыня,
Ён рукі мае прывучае да змагання, *
а пальцы мае — да вайны.

Рэфрэн:

2. Ён — міласэрнасць мая і цвярдыня, *
прыбежышча маё і мой Збаўца.
Ён шчыт мой, я на Яго спадзяюся, *
Ён робіць мой народ падданым мне.

Рэфрэн:

9. Божа, новую песню Табе заспяваю, *
на дзесяціструннай арфе заспяваю Табе.
10. Ты даеш перамогу каралям, *
Ты ўратаваў слугу свайго Давіда ад мяча ліхога.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Цім 1, 10b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў праз Евангелле жыццё.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 20, 27–40
Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Падышлі некаторыя з садукеяў, якія адмаўлялі ўваскрасенне, і спыталіся ў Езуса: Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і ўзбудзіць патомства брату свайму. Было ж сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрасення, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю.

Езус сказаў ім: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана “Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба”. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць.

На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: Настаўнік, Ты добра сказаў. І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Новае жыццё пасля смерці

Гісторыя на падставе жыцця маладой Сары (Тоб. 3) была спробай высмеяць веру ў вечнае жыццё. Фактычна, калі б зямныя адносіны былі захаваныя і перанесеныя ў вечнасць, то вакол гэтай жанчыны было б сем мужоў. Езус звяртаецца да Закону, які прымалі садукеі, і паказвае памылковасць іх мыслення. Бог ёсць Богам жывых, а жыццё, якое дае пасля смерці, ёсць чымсьці новым і поўным хвалы.

Езу, Ты аб’яўляеш мне хвалу змёртвыхпаўстання і праўдзівую радасць вечнага жыцця. Кожнае Тваё Слова ўзмацняе маю надзею на паўстанне з мёртвых і паўнату шчасця, якое не скончыцца.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч